22 снежня 2024, Нядзеля, 18:08
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Грыгорый Месяжнікаў: Цэнтральная Еўропа рыхтуе «сюрпрызы» для Крамля

1
Грыгорый Месяжнікаў: Цэнтральная Еўропа рыхтуе «сюрпрызы» для Крамля
ГРЫГОРЫЙ МЕСЕЖНІКАЎ

У рэгіёне адбываюцца надзвычай важныя падзеі.

Цэнтральная Еўропа прыйшла ў рух. У Славакіі ў першым туры прэзідэнцкіх выбараў перамог праеўрапейскі кандыдат. У Вугоршчыне пачаліся масавыя пратэсты супраць «сябра Пуціна» Віктара Орбана, а чэшскі прэзідэнт Пётр Павел стварыў «снарадную кааліцыю», якая можа выратаваць Украіну.

Якія яшчэ «нечаканкі» рыхтуюць краіны рэгіёну для Пуціна? Пра гэта і не толькі сайт Charter97.org пагутарыў са славацкім палітолагам і прэзідэнтам Інстытута грамадскіх праблемаў (IVO) (Браціслава) Грыгорыем Месежнікавым.

– У Славакіі пройдзе другі тур прэзідэнцкіх выбараў. У першым перамога была за праеўрапейскім Іванам Корчакам. Хаўруснік Фіца Петэр Пелегрыні атрымаў менш галасоў. У каго больш шанцаў стаць прэзідэнтам?

– Мяркую, што ўсё ж больш шанцаў у Корчка, так складваюцца абставіны. Але зразумела, што перамога Пелегрыні не выключаная. Цяпер абодва кандыдаты спрабуюць заручыцца падтрымкай розных групаў электарату. Пелегрыні спрабуе схіліць на свой бок тых выбарнікаў, якія галасавалі за кандыдатаў нацыяналістычнай арыентацыі, што не прайшлі ў другі тур

Іван Корчак паводзіць сябе крыху па-іншаму, ён спрабуе прывабіць на свой бок тых грамадзянаў, якія не ўдзельнічалі ў першым туры галасавання, менавіта ў тых месцах, гарадах або сёлах, дзе ў яго былі паказаныя добрыя вынікі. Корчак арыентуецца на тое, што яшчэ засталіся людзі, якія маглі б у другім туры прыйсці і прагаласаваць на ягоную карысць.

Не хачу ўдавацца ў нейкія сацыялагічныя выкладкі, але мне здаецца, што маючы ўжо цяпер перавагу 125 тысячаў галасоў у параўнанні з Пелегрыні, гэты падыход Корчка больш прадукцыйны. Хутчэй за ўсё, у яго ўсё ж атрымаецца захаваць сваю перавагу і, магчыма, нават яе пашырыць.

– У Вугоршчыне цяпер ідуць пратэсты супраць ураду Віктара Орбана. Народныя выступы адбываюцца ў палітычна адчувальны для Орбана час – напярэдадні выбараў у Еўрапейскі парламент, якія пройдуць у чэрвені сёлета. Як думаеце, ці ёсць шанцы ў апазіцыі ў гэтай краіне?

– Я хацеў бы папярэдзіць адказ на гэтае пытанне вельмі цікавым звязкам. Рэч у тым, што Віктар Орбан і ягоная партыя, ягоны ўрад, у сутнасці справы ўступілі ў выбары прэзідэнта тут, у Славакіі. Яны стваралі асаблівыя ўмовы для Пятра Пелегрыні, займаліся яго прома ў сябе на тэлевізійных каналах, каб частку выбарнікаў вугорскай нацыянальнасці Славакіі схіліць на ягоны бок.

Тут удзельнічаў на выбарах прэзідэнта ў якасці кандыдата старшыня партыі вугорцаў Славакіі Крысціян Фаро, ён набраў недзе блізу 3% галасоў. Фаро вядомы сваёй станоўчай пазіцыяй у дачыненні да Віктара Орбана, таму ён ад імя сваёй партыі заклікаў вугорскіх выбарнікаў прагаласаваць за Пелегрыні. Але гэта адразу ж сустрэла нязгоду часткі самой гэтай партыі. Гэта, дарэчы, для Івана Корчка таксама важна, таму што на ўсіх папярэдніх выбарах славацкія вугорцы часцей за ўсё галасавалі за кандыдата, які быў блізкі сваім профілем да Корчка, за грамадзянскага, правацэнтрысцкага і дэмакратычнага кандыдата.

Віктар Орбан і вугорскі ўрадавы істэблішмент папярэднія пару месяцаў прымалі пэўны ўдзел у кампаніі на баку Пелегрыні. У першым туры гэта не дапамагло, а цяпер у яго, Орбана, у самога праблемы ў сваёй уласнай краіне. Івану Корчку можа дапамагчы тое, што чалавек, які спрабаваў падтрымаць тут, у Славакіі, ягонага спаборніка, цяпер сам мае праблемы, прычым праблемы вельмі важныя, вельмі сур'ёзныя.

Гэтыя праблемы пачаліся пасля таго, як добраахвотна пайшлі ў адстаўку мінулая прэзідэнтка Вугоршчыны Каталін Новак і экс-міністарка юстыцыі Юдзіт Варга. Яны пакінулі пасады праз гучны скандал, звязаны з педафіліяй людзей, блізкіх да партыі «Фідэс». Усё развіццё гэтых падзей пачало цяпер рухацца ў бок паслаблення Віктара Орбана, які з'яўляецца галоўным актарам падзей.

Былы муж Юдзіт Варгі Петэр Мадзяр спрабуе на хвалі незадаволенасці Віктарам Орбанам, на хвалі крытыкі ягонага кіравання, цяпер мабілізаваць людзей на масавыя маніфестацыі. Ён быў як мінімум уваходны ў вугорскую дзяржаўную ўладу, хутчэй за ўсё – займаў там нейкія мэнэджарскія эканамічныя пазіцыі, і цяпер спрабуе выкарыстоўваць тое, што ў яго ёсць нейкая інсайдарская інфармацыя.

У Будапешце пратэсты доўжацца ўжо некалькі тыдняў, там былі розныя ў колькасці маніфестацыі, але пазаўчора адбылася па-сапраўднаму масавая акцыя. Але ўсё ж я пакуль не пераацэньваў бы сілу гэтых пратэстаў, хоць яны, вядома, вельмі важныя.

У Будапешце «Фідэс» мае больш сціплыя пазіцыі ў параўнанні з астатняй часткай Вугоршчыны, гэта горад, які звычайна падтрымліваў лібералаў. Так што пакуль гэтыя маніфестацыі не такі ўжо і моцны паказнік стаўлення вугорскіх грамадзянаў да ўраду Віктара Орбана, але гэта, вядома, немалаважна.

У Вугоршчыне на гэты момант прадстаўніцкая дэмакратыя, парламенцкая сістэма. Агульнае развіццё сітуацыі будзе вызначацца суадносінамі сілаў у парламенце. Але з іншага боку, паглядзім, ці не зменяцца выбарчыя прэферэнцыі насельніцтва, ці не паслабіцца пры гэтым партыя «Фідэс».

Мне здаецца, што Віктар Орбан пакуль даволі моцна сядзіць у сядле, аднак ягоны аўтарытэт пахіснуўся пасля таго скандалу, які я згадаў, праз гэтыя маніфестацыі. Думаю, што хуткасць, з якой гэтыя дзве дамы сышлі ў адстаўку, сведчыла, што Орбан быў вельмі занепакоены. Можа быць, ён і не ведаў пра тое, што адбывалася, але ў любым выпадку ён зразумеў, што гэтая афёра можа падарваць і ягоны асабісты аўтарытэт. Тое, што адбываецца, выклікала проста хвалю агіды.

Пакуль складана спрагназаваць, як будуць развівацца падзеі, пакуль я не зарэгістраваў такіх дзеянняў апазіцыйных сілаў, якія сведчылі б, што фармуецца нейкая рэальная альтэрнатыва з самавітай выбарчай падтрымкай. Але гэта не азначае, што яна не можа ўзнікнуць. Трэба пільна сачыць за тым, што адбываецца.

– Моцную ініцыятыву пачаў прэзідэнт Чэхіі Пётр Павел. Прага знайшла грошы і снарады для Украіны, паказаўшы моцную палітычную волю. Якія яшчэ нечаканкі для Пуціна могуць рыхтаваць краіны Цэнтральнай Еўропы?

– Так, гэта вельмі важная ініцыятыва, да яе далучылася Польшча і іншыя краіны. На жаль, славацкі ўрад да яе не далучыўся, хоць грамадзянская супольнасць Славакіі адназначна на баку Украіны. Дарэчы, падчас гэтай выбарчай кампаніі ў выбарах прэзідэнта цяперашні славацкі ўрад спрабуе свайго кандыдата прэзентаваць як кандыдата міру, які нібыта нішто не пашле на тэрыторыю Украіны, ніякай зброі, ніводнага салдата. А Корчка, кандыдата ад апазіцыі, спрабуюць дзеячы ўраду выставіць як кандыдата вайны, нібыта распальніка ўзброенага канфлікту.

На жаль, Славакія пры гэтым урадзе ў гэтай вельмі важнай чэшскай ініцыятыве не возьме ўдзелу. Але, наколькі я ведаю, не толькі Польшча, але і іншыя краіны Еўразвязу і NATO да гэтай ініцыятывы ўжо далучыліся. Паводле апошняй інфармацыі, гаворка ідзе ўжо не пра 800 тысячаў снарадаў – знайшліся сродкі на 1,5 мільёна, гэта вельмі важна. Петэр Павел і Чэхія, дапамагаючы Украіне, паводзяць сябе ў гэтым сэнсе проста ідэальным чынам.

Што яшчэ можна чакаць? Думаю, ад гэтай часткі Еўропы варта чакаць узмацнення падтрымкі Украіны, але з боку Вугоршчыны і, на жаль, Славакіі, толькі чыста маральную падтрымку, з боку апазіцыі і грамадзянскай супольнасці. У Вугоршчыне таксама ёсць людзі, якіх пазіцыя цяперашняга ўраду не задавальняе, якія цудоўна разумеюць, што азначала гегемонія Савецкага Саюза ў свой час і Расеі. У Вугоршчыны з Расеяй вельмі складаныя стасункі яшчэ з 19-га стагоддзя: у 1848-м годзе было прыгнечанне вугорскага паўстання, у 1956-м паўстанне супраць прасавецкага рэжыму было таксама заціснута савецкімі войскамі.

Так што ў Вугоршчыне тая частка насельніцтва, якая падтрымлівае Украіну, таксама можа пра сябе заявіць у выпадку змены сітуацыі. Пакуль гэтага не назіраецца, але нічога нельга выключыць.

Можна таксама чакаць поўную падтрымку Украіны ў справе падключэння да еўраінтэграцыі, падтрымку ідэі ўдзелу Украіны ў NATO. Таксама цяпер асабліва важная, асабліва ў Польшчы гэта відаць, яшчэ і праблема ўкраінскай аграпрадукцыі. У Чэхіі гэта менш выяўляецца, але гэтыя праблемы таксама існуюць. Я думаю, што гэтыя дзве дзяржавы паспрабуюць хутка гэта вызначыць з Украінай. Дарэчы, і Польшча, і Чэхія ўказваюць на тое, што неабходна абмежаваць доступ расейскіх вытворцаў сельскагаспадарчай прадукцыі на еўрапейскі рынак. Таму што з аднаго боку тут нібыта выказваюцца гэтыя аграбароны супраць украінскай прадукцыі, але ў той самы час Расея ўвозіць сваю прадукцыю і карыстаецца потым гэтымі магчымасцямі для нарошчвання сваіх дзеянняў ва Украіне, фінансавання вайны ў сутнасці. Таму я думаю, што ад Польшчы і Чэхіі можна чакаць яшчэ дзеянняў такога характару, накіраваных супраць пранікнення расейскай сельскагаспадарчай прадукцыі на еўрапейскі рынак.

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках