1 верасня 2024, Нядзеля, 1:48
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Танная сінтэтыка, пераліваецца на сонцы, фасон - мяшок бясформенны»

18
«Танная сінтэтыка, пераліваецца на сонцы, фасон - мяшок бясформенны»

З чаго шыюць форму для беларускіх школьнікаў?

У беларускіх школьнікаў з'явіцца адзіная форма. З наступнага навучальнага года яе будуць насіць дзеці ў 50 менскіх школах, а потым, магчыма, і па ўсёй краіне.

- Выгляд, вядома, сумны. Танная сінтэтыка, пераліваецца на сонцы, фасон - мяшок бясформенны. Жах! Ні прыгажосці для вачэй, ні камфорту для цела, - каментуюць бацькі прадэманстраваную форму.

Але пытанні не толькі да вонкавага выгляду новай школьнай формы.

«Еўрарадыё» даведалася, з якога матэрыялу яе плануюць шыць, і высветліла пра патэнцыйную небяспеку гэтай тканіны.

«Усе матэрыялы экалагічныя, натуральныя, бяспечныя»

Пад выглядам зацікаўленага бацькі дваіх дзяцей журналісты звярнуліся па каментар у «Беллегпрам», які і прэзентаваў новую форму.

Супрацоўніца арганізацыі запэўніла, што ўсе камплекты вырабленыя выключна з натуральнай сыравіны без выкарыстання сінтэтыкі.

- Усе матэрыялы экалагічныя, натуральныя, бяспечныя. Вырабленыя з захаваннем усіх тэхнічных рэгламентаў, якія датычацца стандартаў дзіцячага адзення. У гэтым плане ў нас строгі кантроль і ніякай сінтэтыкі - гэта недапушчальна для дзіцячага адзення, - запэўніла працаўніца арганізацыі.

Яна таксама расказала, што новая форма вырабленая з полівіскознай тканіны і назвала яе «найбольш аптымальным варыянтам з пункту гледжання бяспекі і практычнасці». Спойлер: гэта не так.

«70% поліэстэру і 30% віскозы»

Што такое полівіскоза і чаму яе складана назваць «бяспечным» матэрыялам, растлумачыў навуковец-хімік Сяргей Бесараб.

- Палівіскоза - гэта скарочаная назва палімера, які складаецца з валокнаў двух тыпаў - на 70% з поліэстэру і на 30% з віскозы. Гэта значыць, фактычна гэта хутчэй сінтэтыка, чым натуральны матэрыял.

Што такое поліэстэр? Прасцей кажучы, гэта тая ж сыравіна, з якой вырабляюць пластыкавыя бутэлькі. Віскоза ж - натуральны матэрыял, валокны якога вельмі падобныя з бавоўнай.

Аднак, падкрэслівае навуковец, нягледзячы на 30% прысутнасць віскозы ў складзе, усё астатняе - самая танная сінтэтыка.

Што з гіпаалергеннасцю?

Са слоў Бесараба, алергію могуць выклікаць кампаненты, якія знаходзяцца ў складзе некаторых мыйных сродкаў. Яны могуць заставацца на вопратцы і пры судотыку са скурай могуць выклікаць кантактны дэрматыт.

Таксама алергію могуць выклікаць пылавыя кляшчы. Калі тканіна назапашвае статыку і прыцягвае на сябе пыл, то і алергеннасць у яе будзе вышэйшай. Што звычайна і адбываецца са штучнымі палімерамі тыпу савецкага «лаўсану».

Гігіенічнасць полівіскозы

Гігіенічнасць, са слоў навукоўца, гэта здольнасць матэрыялу маскаваць непрыемныя пахі, з чым полівіскозная школьная форма наўрад ці будзе спраўляцца.

- Сам па сабе чалавечы пот не мае паху. Пах з'яўляецца, калі пот пачынае ферментавацца бактэрыямі, якія жывуць на скуры. Напрыклад, натуральныя матэрыялы добра адсарбуюць пот і, адпаведна, не дазваляюць бактэрыям размнажацца. Сінтэтычныя ж тканіны нічога не адсарбуюць, пот слаба ўтрымліваецца паміж валокнамі палімера і пры першай магчымасці выпараецца.

Такім чынам атрымліваецца ідэальны біярэактар для ферментацыі поту, і выдатны выпарнік для паўпрадуктаў, якія атрымліваюцца, з рэзкім непрыемным пахам.

Таму, сцвярджае хімік, адзенне з сінтэтыкі, нават пасля невялікай фізічнай актыўнасці, мае больш рэзкі і інтэнсіўны пах, чым адзенне з натуральных матэрыялаў.

Сінтэтыка больш выгадная за бавоўну

На думку Сяргея Бесараба, «Беллегпрам» шые форму з полівіскозы, проста таму што яна нашмат таннейшая за бавоўну.

- У Беларусі сваёй бавоўны няма, яна імпартуецца. Натуральна, гэта дорага. А навошта гэта рабіць, калі Светлагорскае «Хімвалакно» наладзіла вытворчасць уласнай віскозы, а поліэфірнае валакно там выпускаюць дзесяцігоддзямі. Таму новая школьная форма і будзе на 100% вырабленая з беларускай сыравіны.

Напісаць каментар 18

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках