Jaguar C-X75 з фільма пра Джэймса Бонда атрымаў допуск да дарог агульнага карыстання
3- 3.03.2024, 16:25
- 3,552
Спецыялістам давялося змяніць кузаў каскадзёрскай двухдзверкі.
Адзін з арыгінальных каскадзёрскіх аўтамабіляў Jaguar C-X75, які здымаўся ў дваццаць чацвёртым фільме пра Джэймса Бонда – «007: Spectre» – атрымаў допуск да дарог агульнага карыстання. Адбылося гэта праз 14 гадоў пасля прэзентацыі мадэлі на Парыжскім аўтасалоне 2010 года. Выйсці на дарогі купэ здолела дзякуючы фірме дызайнера Яна Калума.
Дробнасерыйная вытворчасць Jaguar C-X75 пачалося ў траўні 2011 года, але ўжо ў снежні 2012 праект закрылі. Прычынай адмовы стаў занадта высокі кошт – ад 800 тыс. да 1 млн фунтаў стэрлінгаў.
Гісторыя C-X75 прадоўжылася ў 2015 годзе. Купэ стала фірмовым аўтамабілем злыдня містэра Хінкса ў фільме «007: Spectre» 2015 года. Некалькі каскадзёрскіх Ягуараў пабудавала кампанія Williams Advanced Engineering. У іх выкарыстоўвалася шасі з трубчастай прасторавай рамай і 5,0-літровы наддуўны V8 ад Jaguar. У той час як канцэпт 2011 года абсталёўваўся гібрыднай сілавой устаноўкай. Яна складалася з 1,6-літровага бензінавага матора з падвойным турбанаддувам і двух электрарухавікоў агульнай моцай 888 к.с. і 800 Нм.
Мадэрнізацыю купэ Яну Калуму замовіў неназваны аўтакалекцыянер. Атрыманне індывідуальнай ухвалы для выкарыстання на дарогах Вялікай Брытаніі запатрабавала некалькіх зменаў. Сярод іншага, устаноўкі шкла з маркіроўкай E, больш ціхага выхлапу з каталітычнымі нейтралізатарамі і сапраўдных бакавых люстэркаў задняга выгляду. У каскадзёрскага Jaguar C-X75 замест люстэркаў стаялі копіі з пенапласту. Таксама адмыслоўцы кампаніі дапрацавалі кузаў двухдзверкі: паменшылі зазоры паміж панэлямі, прыбралі хутказдымныя зашчапкі і абнавілі карбонавае аздабленне. Дарожны прасвет злёгку павялічылі, каб аблегчыць выкарыстанне аўтамабіля на дарозе. Таксама невялікія змены ўнесеныя ў дэмпфаванне.
Прэзентацыя першага дарожнага Jaguar C-X75 адбудзецца 21 красавіка на аўтамабільнай выставе Bicester Scramble у Оксфардшыры, Вялікая Брытанія.