Шайгу пачаў рыхтавацца да глабальнага ўдару па Расеі з зямлі, паветра і мора
57- 5.03.2024, 15:11
- 28,862
Мінабароны РФ раскрыла сцэнар.
У выпадку нападу на Расею па краіне будзе нанесены хуткі глабальны ўдар, за якім рушыць паветрана-наземная або паветрана-марская аперацыя.
Такі сцэнар апісваецца ў часопісе «Ваенная думка», які выдае Мінабароны РФ (артыкул цытуюць дзяржагенцтвы, сам матэрыял на сайце выдання не апублікаваны).
У артыкуле гаворыцца, што ў ваенных аперацыях супраць Расеі прымуць удзел вайсковыя фармаванні новага тыпу, якія зараз ствараюцца на Захадзе, — «аб'яднаныя аператыўныя фармаванні» (ААФ). Гэта міжвідавыя кампактныя, высокамабільныя шматсферныя групоўкі войскаў, здольныя за кароткія тэрміны нанесці комплекснае знішчэнне адміністрацыйна-палітычнай і ваенна-прамысловай інфраструктуры супраціўніка ва ўсіх сферах: наземнай, марской, паветранай, касмічнай і інфармацыйнай.
«Найбольш чаканымі формамі прымянення ААФ з'яўляюцца паветрана-наземныя (марскія) аперацыі (кампаніі). Пры гэтым пачынацца яны будуць з паветраных (з 2030 года - паветрана-касмічных, у далейшым - касмічна-паветраных) наступальных аперацый, якія складаюцца з хуткага (імгненнага) глабальнага ўдару і некалькіх (ад 2-3 да 5-7) масаваных ракетна-авіяцыйных удараў», - адзначаецца ў артыкуле. Пры гэтым падкрэсліваецца, што авіяцыя ўступіць у баявыя дзеянні адной з першых «як найбольш манеўраны і адаптыўны від войскаў, магчыма, яшчэ да разгортвання асноўнай групоўкі».
Перад пачаткам актыўнай фазы аперацыі аператыўныя фармаванні супраціўніка будуць весці правакацыйныя, дэманстратыўныя, інфармацыйныя і іншыя патэнцыйна агрэсіўныя дзеянні, у тым ліку ў мэтах кантролю становішча, гаворыцца ў матэрыяле «Ваеннай думкі». Пры гэтым аўтары ўдакладняюць, што баявы і колькасны склад ААФ супраціўніка мірнага часу можа складаць 50-70% ад складу, які будзе дзейнічаць падчас вайны.
У сувязі з ростам пагрозы ўдару па Расеі аўтары артыкула заклікаюць павысіць ролю Паветрана-касмічных сіл у агульнай структуры ваенных канфліктаў. Патрэбна абсталяванне расейскіх ВКС новымі і мадэрнізаванымі самалётамі і беспілотнікамі, неабходна ўкараніць перспектыўныя аўтаматызаваныя сістэмы кіравання і ўдасканальваць разведвальнае забеспячэнне. Акрамя таго, трэба выпрацаваць новыя погляды на арганізацыю баявога прымянення авіяцыйных сіл як у мірны, так і ў ваенны час, рэзюмуюць аўтары артыкула.
Да гэтага аб рызыцы прамога вайсковага канфлікту з Расеяй заявіў прэзідэнт ЗША Джо Байдэн. Паводле ягоных слоў, прэзідэнт РФ Уладзімір Пуцін пасля «ўзяцця Украіны» можа атакаваць краіны НАТА.