27 лiпеня 2024, Субота, 15:11
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Суд Гаагі выдаў ордэры на арышт высокапастаўленых расейскіх вайскоўцаў

27
Суд Гаагі выдаў ордэры на арышт высокапастаўленых расейскіх вайскоўцаў
ВІКТАР САКАЛОЎ

Іх абвінавачваюць у нанясенні ўдараў па ўкраінскіх цывільных аб'ектах.

Суд Гаагі сёння, 5 сакавіка, выдаў ордэры на арышт камандуючага далёкай авіяцыяй РФ Сяргея Кабылаша і камандуючага Чарнаморскага флоту РФ Віктара Сакалова.

Пра гэта паведамляе РБК-Украіна са спасылкай на Міжнародны крымінальны суд.

Адзначаецца, што Палата папярэдняй вытворчасці II Міжнароднага крымінальнага суда выдала ордэры на арышт двух чалавек, а менавіта Сяргея Іванавіча Кабылаша і Віктара Мікалаевіча Сакалова, у кантэксце вайны ва Украіне што да імаверных злачынстваў, учыненых сама меней з 10 кастрычніка 2022 года да 9 сакавіка 2023 года.

У чым іх абвінавачваюць

У судзе заявілі, што Кабылаш Сяргей Іванавіч, які ў адпаведны час быў камандуючым авіяцыі далёкага дзеяння Паветрана-касмічных сіл, і Сакалоў Віктар Мікалаевіч, які ў адпаведны час быў камандуючым Чарнаморскага флоту, нясуць адказнасць за ваеннае злачынства.

Яно палягае ў нанясенні ўдараў па цывільных аб'ектах, і ваеннае злачынства ў выглядзе прычынення празмернай выпадковай шкоды цывільнаму насельніцтву або шкоды цывільным аб'ектам, а таксама злачынства супраць чалавечнасці ў выглядзе бесчалавечных дзеянняў згодна з артыкулам Рымскага Статута.

- Ёсць разумныя падставы меркаваць, што яны нясуць індывідуальную крымінальную адказнасць за вышэйзгаданыя злачынствы за ўчыненне дзеянняў супольна і праз іншых асоб, аддаванне загада аб учыненні злачынстваў і за няздольнасць ажыццяўляць належны кантроль над сіламі, якія знаходзяцца пад іх камандаваннем, - гаворыцца ў заяве суда.

Расейскія вайскоўцы датычныя да ракетных удараў па Украіне

Два ордэры на арышт былі выдадзеныя на падставе хадайніцтваў, пададзеных абвінавачаннем. Палата папярэдняй вытворчасці II прызнала, што ёсць разумныя падставы меркаваць, што двое падазраваных адказныя за ракетныя ўдары, нанесеныя падпарадкаванымі ім сіламі па ўкраінскай электраэнэргетычнай інфраструктуры ў перыяд як мінімум з 10 кастрычніка 2022 года да 9 сакавіка 2023 года.

Цягам гэтага перыяду мела месца імаверная кампанія ўдараў па шматлікіх электрастанцыях і падстанцыях, якія былі ажыццёўленыя расейскімі ўзброенымі сіламі ў некалькіх месцах ва Украіне.

Палата папярэдняй вытворчасці II прыйшла да высновы, што ёсць разумныя падставы думаць, што меркаваныя ўдары былі накіраваныя супраць цывільных аб'ектаў, а для тых аб'ектаў, якія ў адпаведны момант маглі кваліфікавацца як вайсковыя аб'екты, чаканая пабочная шкода мірнаму насельніцтву была б відавочна празмернай у параўнанні з чаканай ваеннай перавагай.

- Ёсць разумныя падставы меркаваць, што падазраваныя таксама нясуць адказнасць за злачынства супраць чалавечнасці, якое палягае ў іншых бесчалавечных дзеяннях, якія наўмысна наносяць вялікія пакуты або сур'ёзнае пашкоджанне целу, псіхічнаму або фізічнаму здароўю, - дадалі ў МКС.

Напісаць каментар 27

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках