21 лiстапада 2024, Чацвер, 23:20
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Любоў да свабоды: Як беларускія гарады атрымлівалі Магдэбуржскае права

6
Любоў да свабоды: Як беларускія гарады атрымлівалі Магдэбуржскае права
ФОТА: NP.BY

Законы ВКЛ рабілі гараджаніна гаспадаром свайго лёсу.

Чым было для сярэднявечнага горада магдэбургскае права, сёння цяжка ўявіць, піша np.by. Герб горада, ратуша, сістэма гарадскога самакіравання, абіраныя чыноўнікі, заканадаўцы і суддзі...

Менш чым праз стагоддзе пасля з'яўлення прынцыпаў гарадскога самакіравання, сфармуляваных у нямецкім Магдэбургу, на тэрыторыі цяперашняй Беларусі гэтыя прывілеі атрымалі адразу некалькі гарадоў.

Магдэбургскае права: перавагі новай сістэмы

Немцы з уласцівай ім дбайнасцю і практычным бюргерскім поглядам на жыццё распрацавалі сістэму, якая паказала сваю жыццяздольнасць ва ўсёй Еўропе, пачынаючы з XIII і заканчваючы XIX стагоддзем. Магдэбургскае права ператварала населеныя пункты ў самастойныя тэрытарыяльна-грамадскія і эканамічныя адзінкі, здольныя самастойна развязваць свае праблемы, гэта значыць, без удзелу чыноўнікаў, якіх прызначаў бы вярхоўны ўладар (кароль, князь, герцаг і інш.). Юрыдычна гарады, якія атрымалі магдэбургскае права, атрымлівалі таксама і ўніверсальную заканадаўчую схему на аснове саксонскіх прававых традыцый, якая выкарыстоўвалася для развязання ўнутрыгарадскіх пытанняў. Рэалізоўваць прапанаваную сістэму павінен быў орган гарадскога самакіравання, магістрат, які атрымліваў у сваё распараджэнне асобнае памяшканне – ратушу.

Дарэчы, магдэбургскае права не выключала выкарыстання ўласнай, мясцовай прававой сістэмы, калі такая ў горадзе ці дзяржаве ёсць. І ўжо ў пачатку XVI стагоддзя ў самакіравальных гарадах на тэрыторыі цяперашняй Беларусі пачала дзейнічаць першая еўрапейская (ва ўсякім выпадку – усходнееўрапейская) Канстытуцыя, – Статут Вялікага Княства Літоўскага.

«Горад будучыні», які атрымаў магдэбургскае права, атрымліваў даволі ўласнай унутранай улады і свабоды, каб развівацца як рэгіянальны цэнтр гандлю і рамесніцтва, а пасля – і прамысловай вытворчасці. Менавіта магдэбургскае права дазволіла еўрапейцам сфармаваць уяўленне пра асабістую адказнасць (і асабістую ініцыятыву), без чакання «ініцыятывы зверху».

Топ-3 лідараў

Першымі сярод беларускіх гарадоў магдэбургскае права атрымалі Берасце (цяпер Брэст), Горадня (цяпер Гродна) і Слуцк. Гэта адбылося яшчэ ў XIV–XV стагоддзях, а дакладней – у 1390-м, 1391-м і 1441 гадах.

Нават Кіеў, цэнтр Кіеўскай Русі, атрымаў права на самакіраванне пазней – толькі ў канцы XV стагоддзя, у 1494 годзе. Чыннікаў таму можна назваць некалькі – па-першае, горад і ўвесь рэгіён усё ж моцна пацярпеў ад татарскіх набегаў, у першую чаргу – светапоглядна, і, па-другое, традыцыя княжацкай улады ў Кіеве была занадта доўгая, каб замяніць яе, паступова відазмяняльную ў бок аднаасобнага кіравання ў стылі ўсходняй дэспатыі, на дэмакратычнае народнае кіраванне.

Дарэчы, фармальна першым з гарадоў Вялікага Княства Літоўскага (сярэднявечнай беларускай дзяржавы) магдэбургскае права атрымала Вільня – у 1387 годзе. Аднак, у сувязі з падзеямі ХХ стагоддзя і тэрытарыяльным перадзелам у Савецкім Саюзе Вільня была ўключаная ў склад іншай краіны і атрымала новую назву – Вільнюс. То-бок лічыць у дадзеным рэйтынгу яе мы не можам, хоць, магчыма, і хацелася б.

Топ-10

Такім чынам, калі ў Берасці, Гародне і Слуцку магдэбургскае права з'явілася раней, то іншыя гарады нашай краіны таксама не адставалі. Так, Полацак і Менск таксама паспелі атрымаць права на самакіраванне яшчэ ў XV стагоддзі – у 1498 і 1499 гадах адпаведна, а ў XVI стагоддзі да ліку самакіравальных гарадоў далучыліся Магілёў, Мазыр і Віцебск (у 1561, 1577 і 1597 гадах адпаведна).

Фактычна з 1529 года (год апублікавання першай рэдакцыі Статута Вялікага Княства Літоўскага) і асабліва – пасля 1588 года (трэцяя і найбольш дасканалая рэдакцыя Статута ВКЛ) замест саксонскага права на тэрыторыі ВКЛ ужывалася менавіта мясцовая прававая сістэма.

На 9 і 10 месцах нашага рэйтынгу размясціліся Орша і Мсціслаў, якія атрымалі права на самакіраванне ў 1620-м і 1634-м гадах.

На жаль, гісторыя гарадскога самакіравання на нашых землях сумна закончылася з далучэннем да Расейскім імперыі. У нашых усходніх суседзяў падобныя вольнасці меркаваліся немагчымымі, а таму Кацярына II сваім указам адмяніла ўсе прынцыпы гарадскога самакіравання ў 1795 годзе. Пачынаўся новы перыяд нашай гiсторыi.

Напісаць каментар 6

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках