ВМС УСУ раскрылі дэталі аперацыі знішчэння крэйсера «Масква»
1- 13.04.2024, 13:15
- 6,244
Украіна атакавала яго роўна два гады таму.
Спікер Ваенна-марскіх сілаў УСУ Дзмітрый Плецянчук расказаў дэталі ўдару па крэйсеры «Масква» ўкраінскай ракетай, які Украіна атакавала роўна два гады таму.
«Вядома, поспех – гэта заўсёды важны элемент, але дакладнае планаванне баявой аперацыі, цярпенне і маніторынг далі свае вынікі. Калі наша камандаванне ваенна-марскіх сілаў убачыла магчымасць знішчыць флагман, мы былі да гэтага гатовыя», – сказаў ён у інтэрв'ю «Новости.LIVE».
Спікер заявіў, што вораг не быў гатовы да гэтага ўдару.
«Яны нават не падазравалі, што ў нас ёсць уласная крылатая ракета і што мы ўвогуле можам нанесці агнявую паразу», – сказаў прадстаўнік ВМС.
Плецянчук нагадаў, што ў той фатальны дзень для расейскага флоту было пахмурнае і дажджлівае надвор'е, што таксама згуляла немалаважную ролю ў патапленні флагмана.
Ён расказаў, што першая ракета пасля трапляння фактычна пакінула карабель без дастаткова вялікай колькасці кіроўнага складу.
«Экіпаж ужо не мог атрымліваць адпаведных камандаў, а самі яны не адпрацавалі з уласнай ініцыятывы і таму, вядома, страцілі карабель. Акрамя таго, мяркуючы з тых падзеяў, якія суправаджалі гэтую аперацыю, вораг ішоў малым ходам. Гэта значыць акупанты нават не баяліся, і на сваіх імперскіх амбіцыях меркавалі, што знаходзяцца на, як у іх называюць, забойцы авіяносцаў, і яны недатыкальныя», – сказаў спікер.
Аперацыя доўжылася менш за гадзіну. Расейцы, маючы на ўзбраенні свайго баявога карабля тры эшалоны СПА, паводле словаў Плеценчука, нават не скарысталіся імі ў поўным складзе.
Спікер расказаў, што два з трох разлікаў СПА, якія былі на караблі, увогуле маўчалі.
«Было такое ўражанне, што там пустыя пасты, вось таму гэтае расейскае “авось пранясе”, чарговы раз спрацавала супраць носьбітаў гэтага менталітэту», – сказаў прадстаўнік ВМС УСУ.