27 лiпеня 2024, Субота, 14:48
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Фінляндыя пастанавіла закрыць марскія пункты пропуску на мяжы з РФ

2
Фінляндыя пастанавіла закрыць марскія пункты пропуску на мяжы з РФ

З 15 красавіка.

Фінляндыя з 15 красавіка ўводзіць новыя абмежаванні на мяжы з Расеяй, паведаміла федэральная мытная служба РФ. Для прагулачных караблёў будзе прыпынены рух па Сайменскім канале праз Нуямаа. Таксама на нявызначаны тэрмін закрыюцца марскія пункты пропуску Хаапасаары і Сантыё, папярэдзілі ва ўстанове.

Раней такія захады анансавала Міністэрства ўнутраных справаў Фінляндыі. Там растлумачылі, што гэта неабходна для прадухілення нелегальнай міграцыі марскім шляхам.

Таксама Фінляндыя пастанавіла не аднаўляць працу прапускных пунктаў на сухапутнай мяжы з Расеяй. Ваалімаа, Вартыус, Іматра, Куусама, Ніірала, Нуямаа, Рая-Ёсэпі і Сала будуць зачыненыя бестэрмінова, да «асаблівага распараджэння».

Фінляндыя пачала ўводзіць абмежаванні на перасячэнне мяжы з лістапада 2023 года праз некантраляваную плынь бежанцаў з Блізкага Усходу і Афрыкі, якія без шэнгенскіх візаў прыбывалі з боку Расеі. Хельсінкі неаднаразова абвінавачвалі Маскву ў мэтанакіраванай адпраўцы просьбітаў прытулку да мяжы краіны. У Расеі гэтыя абвінавачанні аспрэчвалі. Аднак The Insider высветліў, што дастаўку бежанцаў да мяжы кантралявала ФСБ.

У пачатку 2024 года прэм'ер Фінляндыі Петэры Орпа анансаваў дадатковыя захады для арганізацыі бяспекі на мяжы з Расеяй. Ён расказаў пра ход будаўніцтва плоту, адзначыўшы, што «ў крытычных пунктах» збудаванне ўжо ўстаноўленае. 21 сакавіка стала вядома, што ўлады Фінляндыі пастанавілі вылучыць яшчэ €74 млн, каб паскорыць узвядзенне загародаў, якое планавалася закончыць у 2026 годзе. Агароджа павінна ахапіць да 20% мяжы (260 км).

Раней новы прэзідэнт Фінляндыі Аляксандр Стуб заявіў, што ўлады краіны не будуць працаваць над наладжваннем стасункаў з кіраўніцтвам Расеі да таго часу, пакуль яно не спыніць вайну ва Украіне.

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках