Навуковец патлумачыў, чаму ў Пінску з'явілася так шмат змей на набярэжнай
11- 15.04.2024, 11:21
- 9,596
І адкуль з'явіліся гадзюкі на градках.
На набярэжнай у Пінску, дзе кожны год заўважаюць вужоў, гэтым разам іх колькасць прыкметна павялічылася, што звязана з паводкамі і пацяпленнем клімату. Вужакі сталі лягчэй пераносіць зімоўку ў Беларусі, праз гэта іх колькасць узрасла. Пра гэта расказаў загадчык лабараторыі Палескага аграрна-экалагічнага інстытута НАН Беларусі Віктар Дзеяменчык у эфіры тэлеканала СТВ.
«У Пінску набярэжная заўсёды вабіла земнаводных, там ёсць корм для вужоў. Для іх гэта літаральна сталовая, жывая бясплатная сталоўка, бо, па-першае, яна выграваецца, там шмат шчылін, там заўсёды шмат дзюр. Калі сцямнее зусім, там і шэрыя жабы з'яўляюцца», - растлумачыў ён штогадовае з'яўленне вужоў на набярэжнай.
Са слоўмясцовых жыхароў, вужакі поўзаюць толькі на набярэжнай, у дамах іх пакуль не бачылі. Дарэчы, сёлета сярод вужоў былі заўважаны і гадзюкі, аднак, паводле звестак тэлеканала, гэтых атрутных змей усё часцей можна сустрэць у агародах мясцовых жыхароў. У Беларусі кожны год афіцыйна рэгіструецца блізу 50 выпадкаў укусу гадзюкі, а паводле неафіцыйнай статыстыкі, такіх выпадкаў значна больш.
«Уявіце, вялікая вёска Стахава, дзе па жыцці гадзюку не бачылі, — і адзначаецца факт, што проста на агародзе жанчыну ўкусіла гадзюка. А чаму гэта атрымліваецца? Яны пачынаюць шукаць больш вільготныя месцы. А дзе сярод лета ці ў пачатку лета такія ўвесь час вільготныя месцы падтрымліваюцца? Там, дзе паліваюць людзі», - распавёў Дзяменчык.
Навуковец папярэдзіў, што неўзабаве ў беларускіх гарадах можна будзе сустрэць розных процьму прадстаўнікоў дзікай прыроды праз змену клімату.