10 снежня 2024, aўторак, 11:25
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Жыхар Камянца прыдумаў арыгінальны спосаб, каб «паскорыць» рамонт дарогі

3
Жыхар Камянца прыдумаў арыгінальны спосаб, каб «паскорыць» рамонт дарогі

Фотафакт.

Дрэнны стан дарогі падштурхнуў да спрэчных мер, на якія давялося пайсці жыхару Камянца Андрэю для абароны свайго пляцу ад падтаплення водамі.

Дом, у якім ён жыве, размешчаны на скрыжаванні вуліц Сяргея Вірко і Меліяратараў, піша мясцовае выданне kamenec.by.

Гады паўтара таму тут выконваліся работы для будаўніцтва размеркавальнага газаправода да квартала індывідуальнай жылой забудовы ў Камароўшчыне, ну і, як водзіцца, дарогу пасля сябе выканаўчая арганізацыя пакінула ў самым непрывабным стане.

Андрэй Мікалаевіч паказвае фатаграфіі затопленага двара, гаража і хлявоў: усё ў вадзе па калена - пасля моцных дажджоў вада з вуліцы проста ручаінамі ішла ў двары. Потым паказвае перапіску з рознымі інстанцыямі: тамака праблему прызнаюць і абяцаюць выканаць рамонт дарогі, як толькі з'явіцца магчымасць. Але час ідзе, а магчымасці ўсё не з'яўляюцца.

Урэшце, каб засцерагчы сябе ад затаплення, чалавек за свае сродкі завёз, паводле ягоных слоў, 180 тон пяску, падняўшы такім чынам частку вуліцы, якая непасрэдна прымыкае да яго надзела. Пасярэдзіне вуліца па-ранейшаму не праездная.

Натуральна, што аўто ў бок Камароўшчыны і назад пачалі ездзіць менавіта па гэтым сухім баку, разбіваючы і яго, што са зразумелых прычынах жыхароў дома не задавальняе.

Між тым адцінак вуліцы, пра які ідзе гаворка, знаходзіцца ў такім стане, што Камянецкае ЖКГ на ўзгадненне з ДАІ надумала ўвогуле на час закрыць яго для руху. Каля двух месяцаў таму яго перацялі турнікетамі і паставілі «цэглу» - знак, што праезд забаронены. Людзі маглі праходзіць, веласіпеды таксама. Але потым, расказвае Андрэй, нехта перасунуў турнікет, і аўто зноў пайшлі наўпрост, бо аб'язджаць за квартал камусьці падалося далёка. А літаральна днямі хтосьці ўвогуле перакуліў усю загараджальную канструкцыю.

Тады Андрэй перацяў дарогу з дапамогай калючага дроту, павесіўшы яшчэ і самаробны плакат, які папярэджвае: аварыйна-небяспечны адцінак, праход і праезд забаронены. Чым выклікала зразумелае незадавальненне ў тых, хто звык тут хадзіць.

Калі журналісты пад'ехалі, ля гэтага дроту стаялі дзве маладыя жанчыны і вельмі абураліся. Там, на Камароўшчыне, у некага з іх будуецца дом, і жанчына з дзіцем часта ходзіць туды пешшу. Цяпер што, абыходзіць трэба за цэлы квартал? У выніку прыехала міліцыя і дала Андрэю строгае ўказанне дрот зняць і праход для людзей і веласіпедаў адкрыць.

Праблему абяцаюць развязаць найбліжэйшым часам.

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках