Шольц заклікаў Сі пераканаць Пуціна спыніць вайну ва Украіне
23- 16.04.2024, 19:31
- 7,342
«Слова Кітая мае вагу ў Расеі», - растлумачыў сваю просьбу канцлер Нямеччыны.
Канцлер Нямеччыны Олаф Шольц заклікаў старшыню КНР Сі Цзіньпіна паўплываць на расейскага прэзідэнта Уладзіміра Пуціна і пераканаць таго скончыць вайну ва Украіне. «Слова Кітая мае вагу ў Расеі. Таму я папрасіў Сі націснуць на Расею, каб Пуцін нарэшце спыніў сваю вар'яцкую кампанію, вывеў свае войскі і скончыў гэтую жахлівую вайну», - напісаў Шольц у аўторак, 16 красавіка, у сваім акаўнце ў сацсетцы X.
Са слоў канцлера, Сі Цзіньпін таксама пагадзіўся падтрымаць мірную канферэнцыю па Украіне, якая пройдзе ў Швэйцарыі ў сярэдзіне чэрвеня. «Кітай і Нямеччына маюць намер інтэнсіўна і пазітыўна каардынаваць намаганні па садзейнічанні арганізацыі канферэнцыі высокага ўзроўню ў Швэйцарыі і будучых міжнародных мірных канферэнцый», - напісаў ён.
Сустрэча нямецкага канцлера і старшыні КНР адбылася ў заключны дзень трохдзённай паездкі Олафа Шольца ў Кітай. Акрамя вайны ва Украіне лідары ў суправаджэнні некалькіх міністраў і бізнэс-дэлегацыі абмеркавалі абарону клімату і эканамічнае супрацоўніцтва Нямеччыны і Кітая.