26 снежня 2024, Чацвер, 18:00
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У Бабруйску памерла шматдзетная маці, якую судзілі за фота са сцягам

11
У Бабруйску памерла шматдзетная маці, якую судзілі за фота са сцягам
ІРЫНА СУРЫГІНА

Жанчыне было 39 год.

У Бабруйску ад сардэчнага прыступу памерла актывістка, маці траіх дзяцей Ірына Сурыгіна, паведамілі яе сябры. Жанчыне было 39 год. Пахаванне адбудзецца 18 красавіка а 15 гадзіне, паведамляе «Белсат».

«Была з малодшым сынам дома, сказала, што крыху паляжыць, таму што дрэнна сябе адчувала. І вось так - кажуць, не вытрымала сэрца», - распавёў сябар сям'і.

Вядома, што Ірына Сурыгіна пакутавала ад гіпертанічнай хваробы.

Развітанне з памерлай адбудзецца 18 красавіка а 15 гадзіне на адрасе: вул.Пушкіна, 110, Бабруйск. Потым пахаванне на могілках «Ламы».

У Ірыны засталіся трое дзяцей. Старэйшая дачка ўжо дарослая, ёй блізу 20 гадоў - яна зараз займаецца арганізацыяй пахавання. Пакуль невядома, хто будзе афармляць апеку над малодшымі дзецьмі. У Ірыны таксама засталася моцна хворая маці, якая амаль не ходзіць.

СМІ расказвалі пра Ірыну Сурыгіну ў 2021 годзе – жанчыну затрымлівалі і судзілі за фатаграфію з бел-чырвона-белым сцягам. Суд тады прызначыў ёй непад'ёмны штраф сумай амаль 2000 даляраў, а акрамя таго, сям'і далі статус сацыяльна небяспечнай. Міліцыянты пагражалі дзецям бабруйчанкі, што пасадзяць яе ў турму, а іх забяруць у прытулак.

Пасля тых падзей Ірына не з'ехала за мяжу, заставалася ў Бабруйску, бо трэба было клапаціцца пра хворую маці.

«Ірына была вельмі добрым чалавекам і застанецца назаўжды ў памяці», – сказаў сябар сям'і, які папрасіў распавесці пра смерць жанчыны.

Напісаць каментар 11

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках