1 траўня 2024, Серада, 17:43
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

FT: Пуцін разважае аб наўпроставым нападзе на краіны Балтыі

13
FT: Пуцін разважае аб наўпроставым нападзе на краіны Балтыі

Кіраўнік Крамля хоча праверыць рашучасць NATO.

Бяспека ў прыфрантавых дзяржавах NATO зараз вызначаецца вайной Расеі ва Украіне. У рэгіёне растуць асцярогі, што Уладзімір Пуцін можа праверыць рашучасць NATO правакацыямі ці нават наўпроставым нападам на балтыйскія краіны, піша Financial Times.

«Апошнія месяцы прынеслі шквал папярэджанняў аб магчымым нападзе Расеі на NATO ў найбліжэйшае дзесяцігоддзе. Што дзівіць, дык гэта тое, што не толькі Вільня, Рыга і Талін распаўсюдзілі трывогу, але і міністры ў Стакгольме, Берліне і Лондане, усе мяркуюць магчымае супрацьстаянне цягам двух-васьмі гадоў. Рэгіянальныя лідары бачаць тры балтыйскія краіны - з іх невялікай тэрыторыяй і вузкай наземнай сувяззю з астатнімі краінамі NATO - як месца, дзе смелы Пуцін мог бы паспрабаваць праверыць адзінства альянсу і ўрэгуляваць праблему шляхам дэстабілізуючых правакацый ці нават наўпроставага ваеннага нападу», - гаворыцца ў артыкуле.

Гэтыя турботы ўзмацняюцца перспектывай вяртання Дональда Трампа ў Белы дом пасля прэзідэнцкіх выбараў у ЗША. Як заявіў Яніс Кажоціньш, былы дарадца Латвіі ў пытаннях нацыянальнай бяспекі і экс-кіраўнік Службы замежнай выведкі Латвіі, Расея можа выкарыстоўваць прэзідэнцтва Трампа, каб паказаць, што NATO цалкам падзеленае, і месца для гэтага - краіны Балтыі.

Кажоціньш бачыць два магчымыя сцэнары развіцця падзей у найбліжэйшай перспектыве. Першы - калі Расея дасягае поспеху ва Украіне і спрабуе выкарыстоўваць аслаблены Захад. «Спосаб зрабіць гэта - хуткі coup de main [раптоўны напад] на краіны Балтыі і наступная за ім рэальная ядзерная пагроза», - кажа ён.

Другі сцэнар: калі Украіна і заходняе адзінства вытрымаюць, то Расея можа паспрабаваць адцягнуць увагу на правакацыі, - з дзясяткамі магчымасцяў для гібрыдных нападаў ад дыверсій і забойстваў да ўзрушэння мясцовага расейскамоўнага насельніцтва.

У той жа час краіны Балтыі маюць зараз большую бяспеку, чым цягам стагоддзяў, дзякуючы свайму чаленству ў NATO.

«Усяго некалькі гадоў таму план NATO па абароне трох балтыйскіх краін палягаў у тым, каб дазволіць Расеі спачатку акупаваць іх, а пасля адкінуць яе ваенныя масавымі сіламі праз некалькі месяцаў. Сёння стратэгія палягае ў тым, каб абараніць тэрыторыю NATO «з першага метра» і не даць расейскім захопнікам разбурыць гарады, як гэта зрабілі ва Украіне. Гэта зробіць напад Расеі надмерна цяжкім і дарагім», - піша FT.

З іншага боку, адзначае Томас Ермалавічус, навуковы супрацоўнік аналітычнага цэнтра Міжнароднага цэнтра абароны і бяспекі ў Таліне, Балтыйскі рэгіён зараз адчувае сябе асабліва ўразлівым.

Ён зазначае, што дзве перадумовы балтыйскай палітыкі бяспекі пасля абвяшчэння незалежнасці - ніколі больш не быць акупаванымі і ніколі больш не ваяваць у адзіночку - знаходзяцца пад вострым ціскам. Па-першае, маштаб наступлення Расеі на Украіну паказвае, што размешчаных у рэгіёне сіл супольнікаў недастаткова для стрымлівання Масквы, а Захад занадта марудна рэагуе на агрэсію. Па-другое, вайна ва Украіне прыцягнула ўвагу да працягу рознагалоссяў паміж прыфрантавымі дзяржавамі і чальцамі NATO, размешчанымі далей на захад, адносна сапраўднай прыроды расейскай пагрозы.

«Як толькі альянс і хаўруснікі збяруцца разам - а яны ў многіх аспектах знаходзяцца ў працэсе - я думаю, мы выйдзем з гэтага акна з меншымі намаганнямі», - кажа Ермалавічус.

Напісаць каментар 13

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках