Мабільныя аператары ўводзяць чарговыя змены для кліентаў
- 20.04.2024, 16:55
- 7,570
Змяненні з'явяцца ў А1 і МТС.
Мабільныя аператары ўводзяць чарговыя змены для сваіх кліентаў. Новаўвядзенні з'явяцца ў кампаній А1 і МТС, піша «Люстэрка».
Кампанія А1 з 26 красавіка будзе па-новаму спаганяць з кліентаў-фізічных асобаў грошы за паслугі фіксаванай сувязі. «Дзейныя карыстальнікі тарыфаў фіксаванай сувязі, якія ажыццяўляюць аплату рахункаў паводле факту аказання паслуг, будуць пераведзеныя на парадак разліку на аснове перадаплаты ў перыяд з 26 красавіка да 31 снежня 2024 года», – паведамляе кампанія.
Таксама A1 з 29 красавіка зменіць умовы некаторых паслуг кабельнай тэлевізіі. Так, з гэтай даты частка дзейных і архіўных тарыфных планаў для кліентаў – фізічных асобаў «будзе згрупаваная і перайменаваная паводле прынцыпу аднолькавага кошту». Пры гэтым з 1 траўня кампанія зменіць кошт паслуг кабельнай тэлевізіі.
Кампанія МТС пашырыць спіс партнёраў у паслугах у роўмінгу. «Дадатковыя кірункі і роўмінгавыя партнёры з'явіліся ў паслугах “1 ГБ за мяжой”, “1 ГБ у суседзяў”, “Unlim за мяжой” і “Турбакнопка за мяжой”. Змены пачнуць дзейнічаць з 30 красавіка, – паведамляе аператар. – Цяпер карыстацца паслугай “1 ГБ за мяжой” можна ў Азербайджане, Казахстане, Кітаі, Кыргызстане, Пакістане, Узбекістане і Чарнагорыі».
Як удакладняецца, таксама гэтая опцыя пачне дзейнічаць у сетках партнёраў у Вугоршчыне (T-Mobile), Люксембургу (POST), Румыніі (T-Mobile), Расеі (MegaFon), Славакіі (T-Mobile), Францыі і Манака (Bouygues), Харватыі (T-Mobile). У паслузе «1 ГБ у суседзяў» з'явіўся новы аператар-партнёр у Расеі (Beeline).
Пры гэтым з 30 красавіка паслуга «1 ГБ за мяжой» не будзе прапаноўвацца ў сетках роўмінгавых партнёраў у Вугоршчыне (Yettel), Славакіі (O2), Чэхіі (O2).