Літоўскія памежнікі знайшлі «сюрпрыз» у аўсянцы, якую вёз беларус
6- 23.04.2024, 17:43
- 11,046
Распачатае расследаванне.
Літоўскія мытнікі затрымалі буйную партыю кантрабанды: 500 каробак цыгарэт, якія былі схаваныя ў грузе аўсянкі, паведаміла Мытная служба Літвы.
Аўтамабіль, якім кіраваў грамадзянін Беларусі, прыбыў у пункт пропуску «Шальчынінкай» 18 красавіка. Кіроўца заявіў, што вязе амаль сем тонаў беларускай аўсянкі для літоўскай кампаніі. Аднак пасля праверкі аўтамабіля з дапамогай рэнтгенаўскай сістэмы кантролю мытнікі западозрылі, што ў грузе могуць знаходзіцца і іншыя тавары. Пры дэталёвай праверцы высветлілася, што сярод каробак з аўсянкай знаходзяцца пакаванні з цыгарэтамі.
Усяго мытнікі знайшлі блізу 250 тысяч пачкаў беларускіх цыгарэтаў NZ Gold, кошт якіх з улікам падаткаў перавышае мільён еўраў.
Па факце кантрабанды распачатае дасудовае расследаванне. Беларуса дапыталі і адпусцілі пад падпіску аб нявыездзе. Яму пагражае штраф ці турэмнае зняволенне на тэрмін да васьмі гадоў.