Байдэн правёў «адкрытую і канструктыўную» тэлефонную размову з Сі
6- 3.04.2024, 11:04
- 6,824
Што абмяркоўвалі.
Тэлефонная размова Джозэфа Байдэна і Сі Цзіньпіна адбылася ўчора раніцай, 2 красавіка. Прэзідэнт ЗША закрануў у размове такія тэмы як барацьба з наркагандлем, канфлікт на Блізкім Усходзе, ядзерная праграма КНДР і дапамога КНР Расеі ў вайне супраць Украіны.
Амерыканскія чыноўнікі заявілі, што тэлефонная размова мела на мэце не дыскутаваць, а праверыць лідара Кітая, інфармуе рэсурс CNN.
Байдэн хацеў дабіцца гэтай размовай канкрэтных вынікаў. Са слоў Джона Кірбі, размова была «адкрытая і канструктыўная». Была закранутая тэматыка несправядлівай гандлёвай палітыкі і неправамернага затрымання грамадзян ЗША у Кітаі.
Сама ж тэлефонная размова адбылася на фоне будучай паездкі кіраўніка Мінфінансаў і Дзярждэпа ЗША ў Пекін. Абодва амерыканскія чыноўнікі ўжо былі ў Кітаі ў 2023 годзе, каб наладзіць стасункі паміж краінамі.
З лета 2023 года Байдэн і Сі спрабуюць звесці да мінімуму ўсе канфліктныя сітуацыі паміж ЗША і КНР.
Ініцыятарам учорашняй тэлефоннай размовы стаў Байдэн. Ён хацеў растлумачыць сітуацыю наконт агрэсіі КНР у Ціхаакіянскім рэгіёне і Тайвані.
Вашынгтон заклікаў Пекін утаймаваць караблі берагавой аховы, якія абстрэльваюць з вадамётаў гандлёвыя караблі з Філіпін.
Сі заявіў, што Тайвань - гэта першая "чырвоная лінія", якую нельга перасякаць у стасунках паміж ЗША і КНР. Аднак Байдэн заявіў, што калі Кітай сілай паспрабуе далучыць Тайвань, то Вашынгтон будзе на баку Тайбэя.
Раскрытыкаваў Сі і санкцыі, якія ЗША ўводзяць супраць эканомікі Кітая.
Абмеркавалі лідары краін і TikTok. У Вашынгтоне абураныя тым фактам, што кампаніяй валодае Кітай, які не збіраецца прадаваць яе ў прыватныя рукі.
У тэлефоннай размове Байдэн даў зразумець Сі, што Пекін не павінен дапамагаць РФ аднаўляць яе ваенна-прамысловую базу. Пасля ўвядзення санкцый з боку Захаду Крэмль шукае магчымасць знайсці акно, адно з якіх - Кітай.
Абмеркавалі і падзеі ў Чырвоным моры. Кіраўнік Белага дома заклікаў Сі ўтаймаваць хусітаў.