У мясцовыя дэпутаты Варшавы вылучаецца этнічны беларус
3- 3.04.2024, 14:54
- 3,146
Чым плануе займацца ў выпадку абрання?
На выбары ў мясцовыя органы самакіравання Варшавы балатуецца этнічны беларус Радаслаў Пусько, піша MOST. Выбары прызначаныя на 7 красавіка. Радаслаў ідзе ў дэпутаты Рады варшаўскага раёна Бяляны.
Сам ён нарадзіўся ў Беластоку і мае беларускае паходжанне. Яго дзядуля па бацьку родам з Ліды, а бабуля - з вёскі Крывічоў. Пусько браў актыўны ўдзел у справах беларускай меншасці Падляшша. Таксама ён падтрымліваў дэмакратычную апазіцыю ў Беларусі: падчас прэзідэнцкіх выбараў 2006 года Радаслаў арганізаваў акцыю пад беларускім консульствам у Беластоку. Пасля гэтага, як прызнаецца сам, дзесяць гадоў баяўся ездзіць у Беларусь.
Блізу шасці гадоў таму мужчына балатаваўся ў дэпутаты Рады Беластока. Як гаворыць Радаслаў, ён стаў першым чалавекам у посткамуністычнай Польшчы, хто на сваіх перадвыбарных плакатах выкарыстоўваў кірыліцу — лозунг «Будуйма супольнасць!».
Апошнія чатыры гады Пусько жыве ў Варшаве, дзе зараз ёсць вялікая беларуская дыяспара. Ён працуе ў Бялянскім інтэгратары прадпрымальнікаў. Гэта ўстанова пры адміністрацыі раёна Бяляны, якая дапамагае прадпрымальнікам. Таксама памяшканні інтэгратара выкарыстоўваюцца жыхарамі як каваркінг, тут праводзяцца сустрэчы, кансультацыі, навучанне.
Пусько тлумачыць, чаму ён наважыўся вылучацца на мясцовыя выбары: «Мясцовыя выбары – найважнейшыя выбары для Польшчы. Гэта самакіраванне вызначае, дзе будзе дарога, дзе з'явяцца школа, дзіцячы садок або яслі. Гэта самакіраванне вызначае, колькі грошай будзе выдзелена на культуру ці на няўрадавыя арганізацыі, якія займаюцца культурай. Гэта ўсё ў кампетэнцыі самакіравання. Таму мясцовыя выбары - гэта мегаважная рэч».
З яго слоў, як раённы дэпутат ён зможа прапаноўваць тэмы, развязанні, удзельнічаць у кансультацыях, выказваць сваё меркаванне. Радаслаў хоча стаць «голасам свабодных беларусаў» у Варшаве.
«І калі я буду мець магчымасць дапамагаць у беларускіх справах, дык дакладна буду яе выкарыстоўваць. Калі да мяне нехта прыйдзе з прапановай нейкіх дзеянняў, то я змагу гэтыя прапановы перадаць далей — Радзе горада Варшавы, прэзідэнту Варшавы. Як раённаму дэпутату мне будзе лягчэй дайсці да людзей, якія прымаюць пастановы», - тлумачыць ён.