22 снежня 2024, Нядзеля, 18:52
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Палітолаг: У Пуціна на стале ляжыць план атакі на краіны Балтыі

21
Палітолаг: У Пуціна на стале ляжыць план атакі на краіны Балтыі
ПЁТР АЛЯШЧУК

І яна будзе пры актыўным удзеле Лукашэнкі.

Лукашэнка заклікаў беларусаў рыхтавацца да вайны. Да гэтага ён у вайсковай форме з'явіўся на мяжы з Літвой і казаў пра Сувальскі калідор.

Ці варта разглядаць ягоныя словы сур'ёзна? Ці ж гэта расейская інфармацыйна-псіхалагічная спецыяльная аперацыя (ІПСА)? Пра гэта сайт Charter97.org пагаварыў з украінскім палітолагам, прафесарам Кіеўскага Нацыянальнага ўніверсітэта імя Тараса Шаўчэнкі Пятром Алешчуком:

- Адно іншаму не перашкаджае. На гэтым этапе відавочна, што гэта расейская ІПСА, закліканая ў першую чаргу зноў павысіць стаўкі. Лукашэнка - вельмі зручны інструмент такога павышэння, бо ён быццам бы суверэнны кіраўнік, з іншага боку - цалкам ад РФ залежны.

Пуцін заўсёды можа праз яго трансляваць розныя пагрозы. Калі ж нешта пойдзе не так, то ён заўсёды можа сказаць, маўляў, гэта асабістая ініцыятыва Лукашэнкі, а мы да гэтага дачынення не маем.

Гэта даволі старая схема, але калі ж расейскае кіраўніцтва сапраўды пастановіць аб пачатку якой-небудзь ваеннай аперацыі супраць краін NATO, то я на 90% упэўнены, што яна пачнецца менавіта з тэрыторыі Беларусі і пры непасрэдным удзеле Лукашэнкі. Для таго, каб выкарыстоўваць Лукашэнку ў якасці проксі ў вядзенні падобнай вайны, каб адразу ж паспрабаваць зрабіць вайну абмежаванай, каб яна не несла павышаных пагроз для Пуціна, але з іншага боку - дазваляла ажыццяўляць тыя ці іншыя задачы.

- Якія гэта могуць быць задачы?

- Прабіванне Сувальскага калідора ў Калінінградскую вобласць. Ізноў жа, гэта таксама не з'яўляецца самамэтай. Я ўжо даўно кажу, што трэба разглядаць сцэнар нападу РФ на краіны NATO не з мэтай захопу, а каб паказаць слабасць Альянсу. Што не будзе хуткай адэкватнай рэакцыі, хуткага адказу.

Я ўпэўнены, што такі сцэнар у Расеі ёсць. Ён разглядаецца па меры таго, як расейскае кіраўніцтва думае, што NATO паказвае слабасць, а іх уласныя сілы (на іх думку) узрастаюць. Думаю, у Пуціна на стале ёсць план падобнага нападу, і ён будзе пры актыўным удзеле Лукашэнкі.

- Якім будзе адказ NATO на такую атаку?

- Разумееце, ніхто не ведае, паколькі NATO ніяк канкрэтна гэты адказ не фармулюе. Больш за тое, яны ўсяляк пазбягаюць наўпроставага адказу на гэтыя пытанні.

Паўтару, ніхто не ведае, што будзе, калі такая пагроза з’явіцца. Пагатоў, калі прэзідэнтам ЗША стане Дональд Трамп. Будзе ён рэагаваць ці не? Ён жа неяк ужо казаў аб тым, што не факт, што будзе абараняць хаўруснікаў па NATO. Увогуле, адказ з боку NATO можа быць розным. Не абавязкова ваенным.

Падобныя аперацыі, хутчэй за ўсё, будзе палягаць у тым, каб для пачатку проста праверыць маштабы рэакцыі. Мы ўжо бачым, напрыклад, як залятаюць расейскія ракеты і дроны на тэрыторыю краін NATO. Апошні робат заляцеў на тэрыторыю Румыніі на 20 км. Думаю, што гэта працягнецца.

Ведаеце, я не чакаю, што ў адзін цудоўны дзень расейская арда пойдзе на тэрыторыю Літвы. Усё будзе прасцей: спачатку «выпадкова» пачнуць залятаць ракеты, потым яны пачнуць залятаць усё далей. Затым паспрабуюць заходзіць ДРГ, а за імі рушаць услед незразумелыя прарывы незразумелых мігрантаў, тэракты і кібератакі.

Калі ж яны гэта ўсё правядуць, а сур'ёзнай рэакцыі з боку NATO не будзе, тады можна будзе паспрабаваць больш маштабныя, але абмежаваныя ваенныя дзеянні.

У тым, што падобныя планы ёсць, я не сумняваюся. Калі яны будуць рэалізаваныя - сказаць складана. Не думаю, што праз дзесяцігоддзі, а ў даволі агляднай будучыні.

Пакуль жа Лукашэнка палохае, але мы памятаем, як працяглы час у інфармацыйнай прасторы прысутнічала інфармацыя аб падрыхтоўцы расейскага ўварвання ва Украіну. Потым яго нібыта касавалі, пераносілі. У канчатковым рахунку гэта ўсё адбылося. Цяпер гэта ўсё недаацэньваць не трэба. Відавочна, што ідзе падрыхтоўка інфармацыйнай прасторы.

Напісаць каментар 21

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках