Жыхар Бураціі спаліў знаёмага, які не паверыў, што той ваяваў ва Украіне
17- 3.04.2024, 18:28
- 10,396
«Герой СВА» быў тройчы судзімы.
У Расеі да 16 гадоў калоніі строгага рэжыму прысуджаны жыхар Бураціі Раман Разуваеў, які вярнуўся з вайны ва Украіне. Суд прызнаў яго вінаватым у забойстве з асаблівай жорсткасцю, пішуць «Сибирь.Реалии».
Як вынікае з прысуду суда, забойства адбылося падчас распівання спіртных напояў у кампаніі. У нейкі момант Разуваеў заявіў аб тым, што ён браў удзел у баявых дзеяннях, а пацярпелы абвінаваціў яго ў хлусні. Тады Разуваеў збіў апанента рукамі і нагамі, пасля чаго «выбег на веранду, узяў адтуль паўтаралітровую пластыкавую бутэльку з бензінам, які знаходзіўся ў ёй, вярнуўся ў паказаны дом, абліў бензінам Ш., пасля чаго падпаліў яго запальнічкай».
У выніку шматлікіх апёкаў пацярпелы памёр у лякарні. Падчас судовага следства Разуваеў часткова прызнаў віну. Ён сцвярджаў, што падпаліў ахвяру па неасцярожнасці, жадаючы «напалохаць» пацярпелага.
У выраку суда пазначана, што абвінавачаны раней быў тройчы судзімы: за пагрозы забойствам, прычыненне шкоды здароўю лёгкай і сярэдняй цяжкасці, а таксама за крадзеж. Згодна з апошнім прысудам ад 10 жніўня 2023 года, Разуваеў атрымаў 2 гады і 3 месяцы калоніі-пасялення. Абставіны яго вызвалення, роўна як і факт удзелу ў баявых дзеяннях ва Украіне ў дакуменце не раскрываецца.
У выніку Вярхоўны суд Бураціі прыгаварыў Разуваева да 16 гадоў калоніі строгага рэжыму за забойства, учыненае з асаблівай жорсткасцю агульнанебяспечным спосабам.
Пасля пачатку вайны ва Украіне ў Расеі пачалі масава вербаваць зняволеных з калоній і адпраўляць іх на вайну. Да вясны 2023 года гэтым займалася ПВК Вагнера Яўгенія Прыгожына. Пасля зняволеныя сталі падпісваць кантракты з падраздзяленнем «Шторм Z», якія падпарадкоўваюцца наўпрост Мінабароны РФ.
Як адзначаюць «Сибирь.Реалии», прэзідэнт Расеі Уладзімір Пуцін памілаваў як мінімум 17 чалавек, асуджаных за забойствы і згвалтаванні. Усе яны ўдзельнічалі ў вайне ва Украіне і вярнуліся з фронту на волю. Некаторыя ўжо ўчынілі новыя злачынствы.
На падлікі тэлеграм-канала «Можем объяснить», расейскія мабілізаваныя, якія вярнуліся з вайны, забілі не менш за 58 чалавек.