У Менску з'явілася вакансія на заробак да 23 тысячаў рублёў
12- 3.04.2024, 20:26
- 10,350
Што трэба ўмець рабіць, каб столькі атрымліваць.
Кампанія «Спортс Дэвелапментс» у Менску шукае рэдактара-паліглота – яму трэба ведаць 4-5 замежныя мовы. Абяцаюць, што столь у заробку супрацоўніка можа дасягнуць амаль 23000 рублёў. «Люстэрка» патэлефанавала наймальніку і даведалася нюансы вакансіі.
Так, кампанія «Спортс Дэвелапментс» з Менска, створаная ў студзені сёлета, з пачатку сакавіка шукае рэдактара-інтэрв'юера на поўную занятасць. Патрабаванні да патэнцыйнага супрацоўніка даволі высокія: вышэйшая адукацыя, досвед працы не менш за 10 гадоў, свабоднае валоданне чатырма замежнымі мовамі: ангельскай, нямецкай, партугальскай, сербскай. Яшчэ на адным сайце было пазначана, што патрэбная яшчэ і харвацкая. Таксама трэба быць адаптыўным і гнуткім, падпарадкоўваць расклад тайм-мэнэджмэнту, умець весці справавую камунікацыю і працаваць у камандзе.
Супрацоўнік будзе працаваць паводле гнуткага графіка, у абавязкі ўваходзіць пошук і падбор інфармацыі, правядзенне інтэрв'ю на розных мовах, ягоная расшыфроўка, падрыхтоўка мантажнага ліста. Працаваць трэба будзе ў офісе недалёка ад станцыі метро «Барысаўскі тракт».
Супрацоўніку абяцаюць плаціць 14000–22700 рублёў за месяц.
Адзначым, што ў інтэрнэце інфармацыі пра наймальніка – ТАА «Спортс Дэвелапментс» няма, кампанія сама пра сябе паведамляе, што яны рэкламнае агенцтва. У звестках падатковых органаў ёсць інфармацыя, што кампанія гэтая маладая, створаная ў сярэдзіне студзеня сёлета, статутны фонд складае 300000 рублёў. У рэгістрацыйных звестках пазначана, што асноўны від дзейнасці – стварэнне рэкламы.
Журналіст «Люстэрка» як фізічная асоба патэлефанаваў рэкруцёрцы, нумар якой пазначаны ў аб'яве пра вакансію, каб даведацца, ці не памыліліся ў лічбах пры напісанні памеру заробку.
– Вакансія рэальная і ў памеры заробку мы не памыліліся. Але гэта складаная вакансія, у аб'яве пазначаныя замежныя мовы, якія павінен ведаць чалавек. Таму шукаем такі дыямант, – паведаміла прадстаўніца кампаніі.
Дзяўчына праінфармавала, што нават калі адну з названых моваў спашукальнік не ведае або валодае ёй на дрэнным узроўні, то не падыходзіць наймальніку. Яна дадала, што была б радая, калі б ёй дасылалі рэзюмэ. З прыдатнымі кандыдатамі фірма звяжацца «для больш дэталёвых абмеркаванняў».
– Праз тэлефон я не магу ўсё расказваць, усё ж ёсць пагадненне пра невыдаванне, – рэзюмавала рекруцёрка.
Таксама дзяўчына дадала, што сфера дзейнасці іх арганізацыі – прадакшн. Пакуль яны толькі пачынаюць працаваць, і ў іх нават яшчэ няма сайта.