21 снежня 2024, Субота, 17:46
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Дастаўка грузаў з РФ у Беларусь падаражэла да 30%

6
Дастаўка грузаў з РФ у Беларусь падаражэла да 30%

А тэрміны чакання пасылкі павялічыліся ў два разы.

Пасля таго як у канцы мінулага года ў Беларусі ўвялі абавязковыя праверкі адпраўленняў для фізічных асобаў, многія транспартныя кампаніі ў прынцыпе сталі адмаўляцца ад прыёму такіх грузаў для перавозкі паміж Расеяй і Беларуссю, піша транспартны партал Trans.ru са спасылкай на Асацыяцыю аўтамабільных грузаперавознікаў і экспедытараў. У цэлым жа, тэрмін транспартавання такіх тавараў цяпер павялічыўся ў два разы, а кошт паслуг вырас на 30%, паведамляе «Люстэрка».

З 28-га снежня 2023-га года ў Беларусі пачаў дзеянне Указ № 297, накіраваны на прадухіленне ўвозу ў краіну забароненых адпраўленняў, у тым ліку беспілотных лётных апаратаў. У рамках дзеяння гэтага ўказа ў краіне ўведзеныя абавязковыя кантрольныя праверкі адпраўленняў фізічных асобаў з Расеі і краінаў ЕАЭС.

– Цяпер кампанія не можа выдаць грузы фізічных асобаў без атрымання дакументаў аб правядзенні надгляду. Перавознікі зборных грузаў вымушаныя спачатку дастаўляць іх на склад для выгрузкі камерцыйных партый, а потым – паўторна выпраўляць машыну з грузамі фізічных асобаў на надгляд, – растлумачыў кіраўнік Асацыяцыі аўтамабільных грузаперавознікаў і экспедытараў Вадзім Філатаў.

У выніку, паводле ягоных словаў, за студзень – сакавік 2024 года сярэдні тэрмін дастаўкі грузаў для асабістага карыстання з Расеі ў Беларусь вырас у два разы. Калі раней, напрыклад, перавозка па маршруце Масква – Менск не перавышала два дні, то цяпер яна задоўжваецца да чатырох сутак.

Надгляды адпраўленняў праводзяцца толькі на шасці пляцоўках – у Менску, Магілёве, Гомелі і Віцебску. Таму штораз перавознікі вымушаныя дадаткова праязджаць ад 10 км да 70 км да месцаў правядзення кантрольных праверак.

– Кампаніі загадзя запісваюцца на надгляд у электроннай чарзе. Свабодных пляцовак не стае, таму час праверкі можа даходзіць да двух дзён, – удакладніў Вадзім Філатаў.

Як вынік, праз рост выдаткаў на паліва, транспартныя і складскія аперацыі за студзень – сакавік 2024 года кошт дастаўкі адпраўленняў для асабістага карыстання з Расеі ў Беларусь павялічыўся на 10–30% (у залежнасці ад вагагабарытных характарыстык) у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года.

Праз павелічэнне тэрмінаў і кошту перавозкі шэраг транспартных кампаній цяпер зусім адмаўляецца прымаць адпраўленні для фізічных асобаў, а астатнія значна павялічылі тарыфы, падкрэсліў кіраўнік Асацыяцыі аўтамабільных грузаперавознікаў і экспедытараў.

Што рабіць?

На думку Вадзіма Філатава, каб унікнуць недахопу транспартных сродкаў для дастаўкі асабістых адпраўленняў з Расеі ў Беларусь, неабходна павялічыць колькасць пунктаў надгляду ў краіне, якіх цяпер востра не стае. Прычым у першую чаргу новыя пляцоўкі важна стварыць у Гарадзенскай і Берасцейскай абласцях, якія з'яўляюцца значнымі лагістычнымі вузламі Беларусі, дзе размешчаныя аэрапорты, адбываецца прыём і апрацоўка адпраўленняў.

Акрамя таго, трэба паскорыць запаўненне дакументаў. Цяпер перад правядзеннем праверак кампаніі ўручную запаўняюць інфармацыю пра характарыстыкі грузаў і адрасы атрымальнікаў. Калі кантрольна-наглядныя органы ўносяць праўкі або ўдакладненні, то перавознікі вымушаныя перарабляць дакументы і паўторна іх выпраўляць. Такі працэс можа займаць амаль суткі.

Праўда, з 1-га ліпеня 2024-га года ў Беларусі павінны запусціць адзіную інфармацыйную сістэму ўліку і захоўвання звестак на базе РУП «Белпошта». Дзякуючы гэтаму кампаніі змогуць запаўняць інфармацыю пра тавары ў электроннай форме, што дасць магчымасць аўтаматычна перадаваць звесткі для кантрольнай праверкі ў Мытны камітэт і іншыя ўпаўнаважаныя органы.

– Спадзяемся, што гэтае новаўвядзенне дапаможа паскорыць і спрасціць абмен інфармацыяй, а таксама знізіць выдаткі праз няправільнае афармленне дакументаў, – сказаў на заканчэнне Вадзім Філатаў.

Напісаць каментар 6

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках