24 снежня 2024, aўторак, 19:07
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

ВКЛ - імперыя, якой мы ганарымся

15
ВКЛ - імперыя, якой мы ганарымся

Памяць пра Вялікае княства робіць нас еўрапейцамі.

«Наша гістарычная памяць аб ВКЛ як аб радавым гняздзе - гэта адчайная спроба ўзгадаць той час, калі мы былі з Еўропай на роўных», - піша кандыдат гістарычных навук Андрэй Кіштымаў.

«Падзялялі яе цывілізацыйныя каштоўнасці, свабодна вучыліся ў яе ўніверсітэтах, перажывалі тыя ж этапы культурнага, рэлігійнага і гістарычнага развіцця.

У пачатку ХХ стагоддзя гістарычная спадчына ВКЛ сталася фактычна бездагляднай.

Беларусы апынуліся ў звыклым для сябе становішчы «памiж». Маючы шэсць паветаў былой Менскай губерні, вельмі цяжка было пазіцыянаваць сябе гістарычнымі спадкаемцамі дзяржавы «ад мора і да мора». Пагатоў савецкім беларусам прапанавалі паверыць у нешта значна больш маштабнае - у казку аб сусветнай рэвалюцыі.

Усведамляю, што тэрмін «імперыя» ў дачыненні да Вялікага Княства Літоўскага выглядае неяк нязвыкла. Але па вялікім рахунку нашыя спрэчкі аб праве на яго гістарычную спадчыну коратка можна вызначыць як пошук адказу на пытанне: «ВКЛ — што гэта было?». Дык вось, прызнанне імперскіх рыс у яго гісторыі, на мой погляд, цалкам можа стаць тым нейтральным полем, на якім магчымае канструктыўнае плённае супрацоўніцтва не толькі беларускіх і літоўскіх гісторыкаў, але і ўкраінскіх, польскіх, расейскіх.

Бо імперыі - пазанацыянальныя, хоць і знаходзяцца ў пошуках свайго нацыянальнага твару. Імперыі рознааблічныя. Наўпроставага аналага для ВКЛ у гісторыі мы, вядома, не знойдзем. Але, думаю, варта прыгледзецца да гісторыі такой «недаімперыі», як Швэцыя. Той Швэцыі, якая сама была дацкай паўкалоніяй, а затым цягам некалькіх стагоддзяў практычна непадзельна панавала на Балтыцы і ў Паўночнай Еўропе. Адыгрывала пры гэтым немалую ролю ў гісторыі ВКЛ і Рэчы Паспалітай, і абрынулася, як і яны, пад напорам новай, Расейскай, імперыі.

Растлумачу сваю думку. ВКЛ і Рэч Паспалітая выявіліся дзяржавамі з імперскімі амбіцыямі, але без імперскага патэнцыялу. Іх рэсурсы, у першую чаргу - дэмаграфічныя, былі абмежаваныя. Першапачатковы вайсковы патэнцыял ВКЛ выявіўся вычарпаным да пачатку Лівонскай вайны (1558 г.), а Рэчы Паспалітай — да канца XVIII стагоддзя. Шляхецкая дэмакратыя саступіла ў сутычцы з манархічным абсалютызмам і жорсткай цэнтралізацыяй.

І яшчэ адзін гістарычны аспект: як перажыць постімперскі сіндром? Здолелі ж гэта Бельгія, Партугалія, шмат у чым - Гішпаніі. І Швэцыі, якая развіталася з імперскімі амбіцыямі толькі ў 1905 годзе, калі з уніі з ёй выйшла Нарвегія.

Нагадаю, што новым беларусам гісторыю ВКЛ адкрыў Мікола Ермаловіч, не гісторык, а філолаг, лаўрэат дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь у журналістыцы (1992 г.). Адкрыў партызанскімі метадамі, падрываючы савецкую гістарычную школу.

Сёння яго гістарычныя падарожжы дылетанта па-ранейшаму складаюць важную частку «гістарычнага туману» вакол ВКЛ. Спароджаныя ім пошукі ўласнага ліцвінства хоць і страцілі былы запал, але не спыніліся».

Напісаць каментар 15

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках