16 траўня 2024, Чацвер, 2:20
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Беларусы дапамаглі камандзе Польшчы U-18 перамагчы ў групе на чэмпіянаце свету ў хакеі

4
Беларусы дапамаглі камандзе Польшчы U-18 перамагчы ў групе на чэмпіянаце свету ў хакеі

Каманду Польшчы ачольвае таксама беларус.

На мінулым тыдні каманда Польшчы U-18 у хакеі пад кіраўніцтвам беларуса Андрэя Гусава стала чэмпіёнкай свету ў дывізіёне ІІА і павысілася ў дывізіён ІВ, адкуль вылецела год таму з апошняга месца. Трэнер тады захаваў пасаду і выправіў памылкі мінулага.

На баку палякаў падчас апошняга сусветнага турніру быў не толькі беларускі трэнер, але і два нараджэнцы Беларусі сярод гульцоў – нападнік Цімафей Петражыцкі і абаронца Ігнат Кашалевіч.

«Трыбуна» расказвае пра выхаванцаў менскага хакею, якія раптам апынуліся ў Польшчы.

Што паказалі на ЧС?

Сусветнае першынство ў другім дывізіёне праходзіла ў польскім горадзе Саснавец з 17 да 23 красавіка. Гаспадары ў групе А сустракаліся з камандамі Вялікай Брытаніі, Нідэрландаў, Румыніі, Харватыі і Сербіі. Толькі пераможца сэкстэту атрымліваў квіток у групу В дывізіёна I. Палякі перамаглі ва ўсіх матчах і сталі пераможцамі за тур да заканчэння турніру. У пяці матчах яны закінулі 34 шайбы (дзесяць уляцелі ў браму Сербіі, якая стала апошняй), прапусціўшы ўсяго пяць.

Не апошнюю ролю ў лакальным трыюмфе Польшчы выканалі хлопцы, якія яшчэ нядаўна займаліся хакеем у Беларусі, але цяпер з'яўляюцца ўладальнікамі польскіх пашпартоў. 16-гадовы абаронца Ігнат Кашалевіч выйшаў на пляцоўку ва ўсіх сустрэчах, зрабіў адзін асіст, атрымаў дзве хвіліны штрафу і зарабіў паказнік карысці «+1».

Ягоны суайчыннік і равеснік Цімафей (у польскім пашпарце ўжо запісаны як Ціматэвуш) Петражыцкі таксама згуляў усе матчы і паводле выніку турніру апынуўся ў топе снайпераў. Нараджэнец Менска зарабіў сем балаў паводле сістэмы гол + пас (6+1). Шэсць галоў дазволілі яму стаць найлепшым снайперам каманды Польшчы і падзяліць першае месца ў гэтым паказніку паводле вынікаў усяго ЧС з двума гульцамі з Вялікай Брытаніі.

Агульнай колькасцю набраных балаў Петражыцкі стаў другім у камандзе Польшчы (апярэдзіў яго Рафал Драбік з двума галамі і сямю «асістамі») і чацвёртым – сярод усіх удзельнікаў турніру. Брытанцы Джэк Кларк і Брынлі Капс з 10 (6+4) і 11 (6+5) баламі адпаведна сталі лідарамі бамбардзірскага спісу. Паказнік карысці ў Петражыцкага – «+8». Пры гэтым на турніры форвард абышоўся без штрафу. У матчы з Харватыяй яго прызналі найлепшым у складзе каманды Польшчы (запісаў на свой рахунак дзве з васьмі шайбаў сваёй каманды).

Як беларусы трапілі ў каманду Польшчы?

Абодва хакеісты – выхаванцы менскага хакею (хоць Кашалевіч нарадзіўся ў Гародні). Спартовы шлях пачалі ў школе сталічнага «Дынама» ў 2015 годзе. Кашалевіч у «Дынама» затрымаўся практычна да 2018 года, пасля чаго перайшоў у менскі клуб «Піранні», дзе гуляў да канца беларускага этапу кар'еры.

Што да Петражыцкага, то ён у сваім першым спартовым сезоне (2015/16) паспеў пагуляць і за «Дынама», і за «Юнацтва». Праўда, першы перыяд у «Юнацтве» абмежаваўся ўсяго 11 матчамі, а далей былі выступ за «зуброў» да вясны 2019-га, дзе нейкі час гуляў пад кіраўніцтвам Аляксандра Цыплакова – брата легенды беларускага хакею Уладзіміра Цыплакова. Потым Петражыцкі перайшоў у «Юнацтва».

У 2022 годзе хакеісты пакінулі беларускі хакей. Апошнім турнірам, у якім удзельнічаў Кашалевіч, стала Рэспубліканская спартакіяда школьнікаў 2006 года нараджэння ў Наваполацку. Абаронца выступаў за каманду Менскай вобласці, згуляў у чатырох матчах і набраў тры ьалы (0+3). Каманда стала пятай з васьмі.

Петражыцкі выступаў у Беларусі да 24 красавіка 2022-га. Тады фінішавала першынство краіны сярод юнакоў 2007 года нараджэння ў групе А. Форвард абараняў колеры «Юнацтва», удзельнічаў у шасці матчах з 28, набраў 11 балаў (5+6). Ягоная каманда ў выніку фінішавала трэцяй.

У 2022 годзе Кашалевіч і Петражыцкі са сваімі бацькамі апынуліся ў Польшчы (прычыны пераезду ў нас даведацца не атрымалася). Першага аддалі ў акадэмію хакейнага клуба «Тыхы» з аднайменнага горада. Абаронца, якому на той момант было ўсяго 15, у першы ж польскі сезон гуляў у чэмпіянаце Польшчы і за каманду хакеістаў не старэйшых за 16 гадоў (20 матчаў, 10+13 у чэмпіянаце краіны), і за каманду хакеістаў не старэйшых за 18 гадоў у чэмпіянаце Польшчы (9 матчаў, 2+2).

На сезон-2023/24 Кашалевіч застаўся ў структуры «Тыхы» і стаў адным з лідараў каманды ў маладзёвай хакейнай лізе Польшчы U-20. Згуляў 23 матчы турніру (3+9) і дапамог камандзе стаць чэмпіёнкай.

Разам з ім залаты медаль на шыю прымераў і Петражыцкі, польская кар'ера якога пачыналася не ў «Тыхы». Пасля пераезду бацькі выправілі 14-гадовага нападніка ў акадэмію Краковіі ў Кракаве. Нягледзячы на ўзрост, форвард адразу заявіў пра сябе – у сезоне-2022/23 правёў за каманду шаснаццацігодак 24 матчы і набраў 58 балаў (42+16). З такімі паказнікамі юнага гульца адразу скіравалі ў маладзёвы чэмпіянат Польшчы. У тым жа сезоне Петражыцкі правёў у турніры за «Краковію» 20 матчаў (5+6). У 2023 годзе мянчук перабраўся ў «Тыхы», дзе спачатку гуляў за 18-годак (8 матчаў, 12+14), а пасля разам з Кашалевічам першынстваваў у моладзевай лізе Польшчы. Нападнік выбіў 15 галоў і 21 асіст у 26 матчах.

– Кашалевіч выдатна катаецца, чытае гульню, ягоны мінус – невысокі рост, 175 сантыметраў пры вазе 67 кг. Не самыя выдатныя параметры для абаронцы. Што да Петражыцкага, то гэта высокі хлопец (182 см, вага – 72 кг), забіўны, выдатна бачыць пляцоўку і кідае з любой пазіцыі. Але ёсць у яго і мінус – занадта часта бярэ гульню на сябе. Гэта не гулец, які будзе аддаваць перадачы, ён лепш сам кіне, нават з не самай выгаднай пазіцыі. Наколькі ведаю, Петражыцкі звярнуў увагу трэнераў каманды Польшчы U-20, яны хочуць паглядзець на яго ў калектыве, – расказаў «Трыбуне» адзін з адмыслоўцаў, які перасякаўся з гульцамі.

У 2023 годзе на гульню беларусаў звярнулі ўвагу ў федэрацыі хакею Польшчы і прапанавалі выступаць за каманду U-18, тым больш за нацыянальныя каманды на Радзіме хакеісты не былі загуляныя. Вось толькі гульцам трэба было атрымаць польскае грамадзянства. Аднак гэта праблемай не стала, хоць хлопцы пражылі ў краіне ўсяго паўтара года.

Адзначым таксама, што ў сезоне-2023/24 за маладзёвую каманду «Тыхы» гулялі яшчэ некалькі беларусаў: абаронца Дзяніс Бароўскі, форварды Мікіта Ляшчук і Аляксандр Русовіч. Усе трое – 2007 года нараджэння. Пакуль у прафайлах у іх значыцца беларускі рэжымны сцяг. А вось ужо Кашалевіч і Петражыцкі фігуруюць як палякі.

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках