11 чэрвеня 2024, aўторак, 1:51
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У Расеі зафіксавалі ўсплёск гвалту над дзецьмі пасля вяртання крымінальнікаў з фронту

6
У Расеі зафіксавалі ўсплёск гвалту над дзецьмі пасля вяртання крымінальнікаў з фронту

Дзеці станавіліся ахвярамі «герояў СВА», памілаваных Пуціным.

У Расеі назіраецца ўсплёск сэксуальнага гвалту над дзецьмі на фоне вяртання крымінальнікаў, вызваленых за ўдзел у вайне супраць Украіны, піша канал «Можам растлумачыць», які вывучыў статыстыку судовага дэпартамента Вярхоўнага суда РФ.

Рост колькасці злачынстваў супраць палавой недатыкальнасці няпоўнагадовых пачаўся ў 2022 годзе – пасля поўнамаштабнага ўварвання Расеі ва Украіну. Так, колькасць «гвалтоўных дзеянняў сэксуальнага характару» ў параўнанні з даваенным 2021 годам вырасла на 483% (амаль у шэсць разоў), а колькасць «распусных дзеянняў» у дачыненні да дзяцей – на 62%.

Пасля 24 лютага 2022 года ў прэсу патрапілі як мінімум 11 выпадкаў згвалтавання няпоўнагадовых тымі, хто вярнуўся з вайны. Як правіла, дзеці станавіліся ахвярамі былых наймітаў ПВК «Вагнер», памілаваных Пуціным. Большасць гэтых справаў засакрэчаныя, але ў двух выпадках яны ўжо дайшлі да суда.

У лютым сёлета суд асудзіў да 17 гадоў турмы былога вагнераўца Сяргея Шахматава, які вясной 2023-га згвалтаваў дзвюх дзяўчынак 10 і 12 гадоў. Перад нападам на дзяцей удзельнік вайны сустрэў іх каля школы і, пагражаючы пісталетам з гранатай, прымусіў пайсці з ім за гаражы, дзе і здзейсніў гвалтоўныя дзеянні.

У верасні летась 15 гадоў калоніі атрымаў салдат-кантрактнік, чыё імя не называецца, за тое, што ў сакавіку 2023-га збіў і паспрабаваў згвалтаваць сваю 10-гадовую падчарку. Як пазней расказала жонка мужчыны, ён пачаў шмат піць і стаў агрэсіўным менавіта пасля вяртання з Украіны.

Кіраўніца цэнтру «Насилию.нет» Ганна Рывіна мяркуе, што рост гвалтоўных злачынстваў у тыле з’яўляецца вынікам ваеннай прапаганды, паколькі яна нармалізуе «культуру гвалту». Сітуацыю можа пагаршаць адмаўленне праблемы ПТСР, кажа сацыяльны псіхолаг Аляксей Рошчын: «Калі Захар Прылепін, які сам прайшоў Данбас, сцвярджае, што псіхатраўмы не існуе і яе прыдумалі ў "Радзе жонак і маці", то што ўзяць са звычайных людзей».

«Адносна сэксуальных злачынстваў: калі чалавек падчас вайны здзяйсняе нешта, што ён уважае за дапушчальнае, гэтыя рэчы ён можа перанесці ў мірнае жыццё. Таму пытанне – што з'яўляецца нормай у расейскім войску», – сказаў у размове з «МО» судовы псіхіятр-практык, які не хоча раскрываць сваё імя з меркаванняў бяспекі.

Ён таксама паведаміў, што страта самакантролю ўдзельнікамі вайны можа быць вынікам ПТСР і траўмаў галавы. «Можа таксама адбыцца пераход культурнага бар'еру, які ў нармальнага чалавека існуе ў звычайным жыцці, а на вайне знікае», – растлумачыў псіхіятр.

Вызначыць дакладную колькасць дзяцей, якія сталі ахвярамі згвалтаванняў наваяўленымі «ветэранамі», немагчыма, паколькі гэтыя выпадкі рэдка даходзяць да суда і яшчэ радзей – да прэсы. Аднак можна з упэўненасцю казаць, што пацярпелых нашмат больш, чым вядома сродкам масавай інфармацыі, зазначае «Можам растлумачыць».

Напісаць каментар 6

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках