22 снежня 2024, Нядзеля, 18:11
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Гары Каспараў: Пуцін пасылае выразны сігнал

32
Гары Каспараў: Пуцін пасылае выразны сігнал
Гарри Каспаров

Украіна - не астатні прыпынак.

Форум свабоднай Расеі правёў у Варшаве міжнародную канферэнцыю “Антыпуцінская кааліцыя. Умовы перамогі і ліквідацыі пуцінскага рэжыму”. Канферэнцыя адбылася 14 траўня.

У кулуарах мерапрыемства карэспандэнт сайта Charter97.org пагаварыў з адным з лідараў расійскай апазіцыі, сузаснавальнікам Форума свабоднай Расеі Гары Каспаравым.

- Што азначае замена кіраўніка Мінабароны РФ Сяргея Шайгу на «цывільнага» Андрэя Белавусава?

- Гэта дастаткова адназначны ход. У бок падвышэння эфектыўнасці. Хто такі Шайгу? Пуцінскі “тайговы сябар”. Відавочна, што гэта было пустое месца. Замест яго ставяць дастаткова здольнага эканаміста, махрыстага дзяржаўніка. Я параўнаў яго ў сваім Twitter з Альбертам Шпеерам (асабісты архітэктар Гітлера, рэйхсміністр узбраення ў нацысцкай Нямеччыне — заўв. рэд.). Гэта чалавек, задача якога максімальна эфектыўна выкарыстоўваць рэсурсы. Белавусаў - гэта працяг вайны на знясіленне.

Зараз перасаджаюць нейкую частку генералаў, карупцыю паспрабуюць крыху ўтаймаваць. Безумоўна, карупцыю цалкам не выкараніш, бо зброю трэба закупляць у Чэмезава, а гэта сябрук Пуціна, паліва - у Сечына, прадукты - у сына Патрушава, які быў міністрам сельскай гаспадаркі, а цяпер віцэ-прэм'ер. Зразумела, што карупцыя нікуды не падзенецца. Але улічваючы тое, што блізу 40% бюджэту Расеі ідзе на вайну, Белавусаў зробіць усё больш арганізаваным, пачне “скубсці” алігархаў, бізнэс.

Думаю, гэта выразны сігнал, што Пуцін будзе працягваць вайну, а Украіна - не астатні прыпынак. Мы бачым канчатковы перавод усёй расейскай эканомікі на вайсковыя рэйкі. Вайна становіцца як ідэалагічным, так і эканамічным падмуркам пуцінскага рэжыму.

- Падвышэнне ахоўніка Пуціна, губернатара Тульскай вобласці Дзюміна да памочніка - гэта такі ж сігнал?

- Думаю, гэта для яго прамежкавая пасада. Для перастановак трэба было рабіць пэўныя дзеянні. Напрыклад - прыбраць кіраўніка Савета бяспекі Мікалая Патрушава, каб паставіць Шайгу. Зразумела, што Шайгу абнуляе Савет бяспекі. Што такое Савет бяспекі за Патрушавым? Генерал КДБ кантраляваў спецслужбы. Шайгу нічога кантраляваць не можа. Таму Шайгу ўтрымліваюць, каб не "адправіць у расход".

Дзюмін, як я разумею, “зорка, што ўзыходзіць”, “ястраб”. Дзюмін набліжаецца да Пуціна. Важна, што ён быў ахоўнікам, Пуцін яму давярае. Пры гэтым рэжыме ў яго вялікія перспектывы.

Пасада памочніка прэзідэнта — невялікая, але ў дыктатарскіх рэжымах важна іншае…

- Набліжанасць "да цела"?

- Да вуха!

- Наколькі расейская эканоміка сёння мае запас трываласці?

- Я не эканаміст, каб меркаваць. Думаю, што запас не такі вялікі, як некаторыя думаюць. Але на некалькі год яго досыць. Па-першае, Захад так і не падарваў фінансавую базу рэжыму, з нафтай не разабраўся. Больш за тое, усе санкцыйныя пакеты пакідаюць дзіркі. Дзіўна, як гаворыцца, весці гэтую санкцыйную вайну, але пры гэтым сцвярджаць, што "мы з Пуціным не ваюем" і "наша мэта - пазбегнуць эскалацыі". Тут поўны абсурд выходзіць.

Добра, вы ўводзіце санкцыі. Нямецкія тавары ідуць не наўпрост, а праз Казахстан, Кыргызстан. Нават тыя краіны, якія безумоўна падтрымліваюць Украіну - Фінляндыя, Эстонія Польшча - працягваюць весці бізнэс. Ніхто ж не забараняе. Захад па-ранейшаму не хоча прызнаць, што ён знаходзіцца ў стане вайны. Пуцін ваюе з Захадам, ваюе са свабодным светам, хоча яго перарабіць на свой вобраз і падабенства.

- А прапановы прэзідэнта Макрона выслаць французскіх салдат ва Украіну - гэта не сігнал, што Захад прызнае, што знаходзіцца ў стане вайны?

- Так, Макрон кажа, але што ён робіць? Наколькі я памятаю, Макрон паслаў свайго амбасадара на “інаўгурацыю” Пуціна. Трэба разумець, Макрон, як і кожны заходні лідар, вядзе палітыку гандлю. У мяне ў нейкі момант таксама была ілюзія: "Нарэшце!" Але Макрон - не Дэ Голь, ростам не выйшаў. Бо ідэальная была палітычная сітуацыя для палітыка калібру Дэ Голя, проста момант праўды. Усё, што трэба было зрабіць, - даць 50 самалётаў з французскімі лётчыкамі. І ты лідар вольнага свету. Што ён замест гэтага робіць? Гучныя заявы.

Дарэчы, аб'ём дапамогі з боку Францыі - мінімальны, яна ледзь не на 15 месцы, калі браць ад колькасці ВУП. Замест гэтага Макрон пачынае таргавацца. Што яму трэба? Алімпіяда. Замірэнне, вось гэтыя старажытнагрэцкія нормы, высакароднасць. А ёсць больш практычныя рэчы. Французы ўсё саступілі ў Афрыцы, Нігер знаходзіцца фактычна пад расейскім кантролем. А Нігер — галоўны пастаўшчык урану, а ў Францыі ўся эканоміка стаіць на атамных станцыях. Вось і ўсё. Думаю, гэта быў торг. Мы маем справу з гандлярамі, якія нават не ў стане падумаць аб тым, каб узяць на сябе гістарычную адказнасць.

- Калі Захад прачнецца?

- Прачнуцца можа толькі той, хто ў стане прачнуцца. Байдэн не можа прачнуцца з фізіялагічных прычын, ён не можа нічога рабіць. Для гэтага патрэбны шок, які пераканае людзей у тым, што гэта бяда.

Узровень падтрымкі Украіны ў заходнім грамадстве дастаткова высокі, ва Усходняй Еўропе ёсць разуменне пагрозы, але калі рухацца на захад ад Польшчы, то няма ўяўлення, што мы гуляем з агнём. А Пуцін можа ў вайне і перамагчы. Аднак гэтая думка пакуль не ўкладваецца ў людзей у галовах.

Трэба памятаць, што кожная перамога дыктатара - час, каб пераварыць нарабаванае, заваяванае, а затым рухацца далей. Вядомы факт: кожны другі танк вермахта, які перайшоў мяжу Польшчы ў 1939 годзе, быў зроблены ў Чэхаславакіі. Як і значная частка мабілізаваных у войска РФ у першую хвалю былі з Данецкай і Луганскай абласцей. Пуцін правядзе мабілізацыю лепш за Вярхоўную Раду, тут можна не сумнявацца.

Пуцін не спыніцца, у гэтым можна не сумнявацца, бо без вайны ён страціць гістарычную легітымнасць. Яго можна толькі спыніць.

Напісаць каментар 32

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках