Украінскія вайскоўцы патапілі расейскі марскі тральшчык «Каўровец»
27- 19.05.2024, 11:29
- 32,704
УСУ нанеслі новы ўдар па Чарнаморскім флоце РФ.
У ноч на 19 траўня Сілы абароны Украіны зноў прычынілі шкоду Чарнаморскаму флоту РФ. Яны знішчылі марскі тральшчык ЧФ РФ праекта 266-М «Каўровец».
Пра гэта паведамілі ў Вайскова-марскіх сілах УСУ.
«Сёння ўначы Сіламі абароны Украіны знішчаны марскі тральшчык ЧФ РФ праекта 266-М «Каўровец». Вайскова-Марскія Сілы УС Украіны разам з пабрацімамі працягваюць набліжаць нас да Перамогі», - гаворыцца ў паведамленні.
Інфармацыю пацвердзілі ў Генштабе УСУ. «Вайскова-марскімі Сіламі Узброеных сіл Украіны знішчаны марскі тральшчык «Каўровец», - гаворыцца ў справаздачы Генеральнага штаба УСУ.
Што вядома пра знішчаны карабель
«Каўровец» - марскі тральшчык праекта 266М. Галоўная яго задача - правядзенне за траламі караблёў і суднаў, выведвальнае і кантрольнае траленні, пракладка калідораў у мінных палях, удзел у мінаванні і г.д.
Гэты карабель увайшоў у склад савецкага флоту ў 1974 годзе, а да 1982 года называўся «Курскі камсамолец». З 1992 года быў перайменаваны ў «Наводчык», а ўжо ў 1999-м атрымаў цяперашнюю назву.
«Каўровец» удзельнічаў у аперацыях у Атлантыцы, Персідскай затоцы, патруляваў ля берагоў Сірыі. У 2016-2017 гадах тральшчык быў уключаны ў склад Міжземнаморскага флоту РФ.