У цэнтры Менска прадаюць кватэру «з парыжскім шыкам»
18- 19.05.2024, 16:45
- 10,418
Як выглядае і колькі каштуе.
У базе Realt з'явілася нестандартная кватэра з мансардай у цэнтры горада. У гэтай еўрадвушцы добры рамонт, а капрамонт у доме 1938 года пабудовы зрабілі летась. У абвестцы гэты варыянт называюць «кватэрай з парыжскім шыкам».
Гэта дом 1938 пабудовы. У 2003 годзе яго рэканструявалі, а ў 2023 зрабілі капрамонт. Адрас – Захарава, 29. Побач – парк Горкага і плошча Перамогі. Спакойным крокам шпацыр зойме 5-10 хвілін.
Кватэра знаходзіцца на пятым паверсе, яна мансардная. З акна адкрываецца краявід на зялёны двор.
Агульная плошча – 76 квадратаў, жылых з іх 54. Гэта еўрадвушка з агульнай гасцёўняй і кухняй і асобнай спальняй. Каля ўваходу арганізавана зручная шафа для захоўвання – у ёй ёсць месца і для верхняга адзення, і для бытавых рэчаў накшталт сушылкі для бялізны ці пыласоса.
У гасцёўне, сумешчанай з кухняй, стаіць вялікі абедзенны стол і канапа. Ёсць тэлевізар і вялікая шафа. А пад скошаным мансардным дахам арганізавана працоўнае месца.
У кухні з тэхнікі ёсць пасудамыйка, варачная панэль, духавая шафа, выцяжка і лядоўня.
У кухні-гасцёўні тры вялікія вокны з драўлянымі шклопакетамі і падваконнікамі. Ёсць дадатковыя вокны і ў скошанай столі. А яшчэ невялікае акенца паміж пакоямі.
Спальня выглядае атмасфернай праз тую ж мансардную столь з акенцам. Тут стаіць двухспальны ложак.
Санвузел сумешчаны. Ёсць і душавая, і ванна – яна аформлена незвычайнымі драўлянымі рэйкамі. Пральная машына схавана за шторай, побач ёсць паліцы для захоўвання рэчаў. Яшчэ ў санвузле ёсць акно.
Каштуе кватэра 185 тысяч даляраў. Метр выходзіць 2431 даляр.