У Менску безбілетны пенсіянер напаў на кантралёраў з палкай
19- 19.05.2024, 17:29
- 13,766
Што было далей.
Суд вынес прысуд 63-гадоваму раней не судзімаму жыхару сталіцы, які збіў палкай кантралёраў грамадскага транспарту, паведамляе агенцтва «Мінск-Навіны» са спасылкай на пракуратуру Фрунзенскага раёну.
Калі менавіта адбыўся інцыдэнт, дзяржагенцтва не ўдакладняе. Вядома, што ў той дзень мянчук ехаў у аўтобусе без білета, пры ім была палка для збору смецця з металічнымі наканечнікамі. Раптам у транспарт увайшлі тры жанчыны-кантралёры, якія папрасілі яго пакінуць салон на найбліжэйшым прыпынку, што раззлавала пасажыра. Сцвярджаецца таксама, што ён быў ладна выпіўшы.
«Мужчына накіраваўся пешшу да наступнага прыпынку, дзе зноў сустрэўся з гэтымі ж кантралёрамі. Калі ён збіраўся зайсці ў тралейбус, які пад'ехаў, адна з работніц «Мінсктранса» папярэдзіла, што ў транспарце трэба будзе аплаціць праезд, пасля чаго мянчук сеў на лаўку, – піша дзяржагенцтва. – Далей ён паспрабаваў зайсці ў аўтобус, які падʼехаў следам, але каля дзвярэй зноў сутыкнуўся з кантралёрам і тройчы ўдарыў яе сваёй палкай, хапаў рукамі. У працэсе барацьбы ў жанчыны на асфальт упалі акуляры».
Як піша «Мінск-Навіны», кантралёры выклікалі міліцыю, аднак мужчына пачаў сыходзіць. Работніцы «Мінсктранса» пайшлі за ім, патрабуючы дачакацца прыезду нарада. Раптам мянчук павярнуўся і сарваў з камізэлькі ў адной з кантралёрак відэарэгістратар, кінуў яго на асфальт, а затым паспрабаваў стукнуць жанчыну палкай па галаве, аднак тая перахапіла яе рукой, атрымаўшы пры гэтым пералом.
Пенсіянера затрымалі, у дачыненні да яго распачалі крымінальную справу. Віну ён цалкам прызнаў, у зробленым раскаяўся. Супрацьпраўныя дзеянні грамадзяніна захавалі відэарэгістратары кантралёраў.
- Абвінавачаны зʼяўляецца пенсіянерам, раней да крымінальнай адказнасці не прыцягваўся, – пракаментавала памочніца пракурора Фрунзенскага раёну Ульяна Цішкевіч, якая выступала па гэтай крымінальнай справе дзяржаўным абвінаваўцам. – Суд прызнаў яго вінаватым у гвалце ў дачыненні да службовай асобы, якая выконвае службовыя абавязкі, і іншай асобы, якая выконвае грамадскі абавязак па ахове грамадскага парадку, у мэтах перашкоды законнай дзейнасці, з помсты за выкананне службовых абавязкаў і на падставе ч. 1 арт. 366 КК Рэспублікі Беларусь прызначыў пакаранне ў выглядзе абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу на два гады. Акрамя таго, абвінавачаны павінен прайсці прымусовае лячэнне ад хранічнага алкагалізму і выплаціць на карысць пацярпелых кампенсацыю маральнай шкоды сумаю 500 і 2 000 рублёў, а таксама пакрыць нанесеную маёмасную шкоду.