У Гомельскай вобласці затрымалі банду, якая рабавала вялікагрузы
5- 20.05.2024, 9:49
- 9,542
У асноўным мужчыны абкрадалі аўто з беларускімі нумарамі.
У Гомельскай вобласці пры сілавой падтрымцы АМАП затрымалі з довадамі злачынства групу людзей, якія падазраюцца ў крадзяжах з вялікагрузаў на стаянках уздоўж трасы Берасце — Гомель, паведамілі ў МУС.
Фігуранты - пяцёра жыхароў Воршы ва ўзросце ад 34 да 51 года. Яны зараблялі ў Берасцейскай, Магілёўскай, Менскай і Гомельскай абласцях. На «справу» выязджалі начамі, выкарыстоўвалі балаклавы і радыёстанцыі. Пакуль кіроўца спаў у кабіне фуры, суўдзельнікі ўзломвалі замок грузавога адсека і запаўнялі свой мікрааўтобус таварам, пасля чаго пакідалі месца злачынства.
У асноўным мужчыны абкрадалі аўто з беларускімі нумарамі, забіраючы розны груз: ад тэхнікі да прадуктаў, акрамя таго, злівалі паліва з бакаў. Выкрадзенае збывалі на тэрыторыі Расеі альбо дзялілі паміж сабой.
Распачатая крымінальная справа за ўчыненне крадзяжоў у буйным памеры. Цяпер вядома аб шасці эпізодах злачыннай дзейнасці фігурантаў.