27 лiпеня 2024, Субота, 15:00
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У Смалявічах абвясцілі аўкцыён на нарыхтоўку гадзюкі

12
У Смалявічах абвясцілі аўкцыён на нарыхтоўку гадзюкі

На аснове змяінага яду ў Беларусі робяць лекі і касметыку.

У Смалявічах на аўкцыён выставяць права на нарыхтоўку і куплю гадзюкі звычайнай. Пра гэта паведамляе Smolevichi24.

Гандаль пройдзе 19 чэрвеня ў будынку Смалявіцкага райвыканкама. Пачатковы кошт продажу – дзве тысячы рублёў, памер задатку – 400.

Паводле звестак Акадэміі навук, у Беларусі біялагічны запас гэтага віду гадзюкі – 15–18 тысячаў асобінаў. Без страты для прыроды можна здабываць 500 змей.

Удзельнічаць у аўкцыёне могуць арганізацыі і індывідуальныя прадпрымальнікі. Ахвотныя павінны падаць дакументы ў камісію не пазней як за тры працоўныя дні да даты правядзення аўкцыёну.

Адзначаецца, што на аснове змяінай атруты ў Беларусі робяць лекі і касметыку. Гэта розныя гелі і мазі ад боляў у суставах, крэмы і маскі ад маршчынаў, прэпараты для дыягностыкі рэдкіх захворванняў і сыроваткі з проціядным дзеяннем пры ўкусах паўзуноў.

Дадамо, што здабыча змяінага яду – гэта даволі складаны працэс, паколькі гадзюкі вельмі пераборлівыя ў доглядзе: патрабуюць асаблівага харчавання, тэмпературнага рэжыму і вільготнасці паветра. Так, дырэктар Рэспубліканскага ландшафтнага заказніка «Выганашчанскае», вопытны змеялоў Сяргей Габец расказваў некалькі гадоў таму: «Хочаш атрымаць запаветныя кропелькі атруты на кончыках зубоў? Будзь ласкавы кармі адборнымі мышамі і спецыяльным складам з вітамінчыкамі, абагрэй, праяві клопат і ласку».

Акрамя таго, усё складана і з гледзішча заканадаўства. Для адлову і ўтрымання змей патрэбны цэлы спіс дазволаў і ўзгадненняў на самых розных узроўнях – ад мясцовых уладаў да Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя і Міністэрства юстыцыі. А на гатовую атруту патрэбныя сертыфікаты, якія пацвярджаюць законнасць яе паходжання і выступаюць гарантам якасці.

Да 1990 года на Берасцейшчыне дзейнічаў адзін з трох беларускіх серпентарыяў. Там утрымлівалася блізу тысячы гадзюк, але ён зачыніўся пасля распаду Савецкага Саюза.

Напісаць каментар 12

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках