27 лiпеня 2024, Субота, 15:12
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Пад Менскам спрабуюць здаць у арэнду палац, шыкоўных інтэр'ераў якога саромеюцца нават рыэлтары

49
Пад Менскам спрабуюць здаць у арэнду палац, шыкоўных інтэр'ераў якога саромеюцца нават рыэлтары

Трохпавярховая камяніца знаходзіцца ўсяго за 7 км ад МКАД.

На цікавую прапанову арэнды ў вёсцы Крыжоўка пад Менскам звярнулі ўвагу ў цік-току, перадае nashaniva.com.

Пафасныя інтэр'еры палаца сталі падставай для жартаў. Тым часам рыэлтары чаго толькі не робяць, каб знайсці арандатара для элітнай нерухомасці: спрабавалі прапанаваць камяніцу і на дзень за $768, і доўгатэрмінова за $10 тысяч на месяц.

Папярэджваем: далей будзе выключна на мове раскошы. Рыэлтары імкнуцца прыцягнуць у арандатары людзей, для якіх "надышоў момант пераезду ў рэзідэнцыю для камфортнага і раскошнага пражывання". Пішуць, што жыццё ў палацы дапаможа адчуць сябе асаблівым.

Вось яшчэ аргумент з аб'явы для паспяховых бізнэсоўцаў: «палац можа служыць як сімвал статусу і поспеху кампаніі, а таксама быць выкарыстаны для ўмацавання дзелавых адносін і заваблівання кліентаў».

Знаходзіцца гэтая рэзідэнцыя ў вёсцы Крыжоўка Менскага раёна — гэта літаральна ўсяго за 7 кіламетраў ад МКАД, побач Заслаўскае вадасховішча. Плошча пляцу - 15 сотак. На ім ёсць 2 альтанкі (з летняй кухняй і з камінам і барбекю), вялікі басейн з падагрэвам, штучная сажалка, дзе плавалі асятровыя, садовыя дрэвы і дэкаратыўныя хмызнякі, піхты і шматгадовыя высокія хвоі. На пляцы размешчаныя гаспадарчыя пабудовы з кацельні і аварыйным генератарам вялікай магутнасці. Ёсць і гараж 120 квадратаў з аўтаматычнымі варотамі.

Паведамляецца, што ўнікальная камяніца была створаная таленавітым архітэктарам. Яго фасад упрыгожаны калонамі, выгнутымі лініямі і дэталямі, якія надаюць будынку элегантнасць і вытанчанасць.

Трохпавярховы палац быў пабудаваны ў 2003 годзе. Ён мае плошчу больш за 512 квадратаў, з якіх жылая каля 211 метраў. Ёсць там спальні з ваннымі пакоямі, кабінеты, кухня-гасцёўня з камінам, вялікая камінная зала, гардэробныя пакоі, памяшканні для пакаёўкі і многае іншае.

Не шкадуючы эпітэтаў, у аб'яве расказваюць пра эксклюзіўныя элементы дэкору ўнутры будынка. І здаецца, менавіта яны – корань праблемы. Таму што размаляваныя сцены, кран у выглядзе залатога лебедзя, ракавіна ў кветачку спарадзілі мноства жартаў сярод карыстальнікаў сацыяльных сетак.

Мабыць, пасля гэтага рыэлтары надумалі прыбраць фатаграфіі дома ўнутры і пакінулі толькі здымкі фасада і пляцу.

Упершыню на тое, што з'явілася прапанова арандаваць такую раскошу, звярнулі ўвагу ў снежні 2022 года. Тады ўладальнік хацеў атрымліваць за сваю нерухомасць $7 тысяч на месяц. Здаецца, знатака прыгажосці адшукаць тады не ўдалося. Бо неўзабаве гэты ж палац сталі прапаноўваць для дзённай арэнды за $768 за дзень. Цяпер жа ён зноў даступны на ўмовах доўгатэрміновай арэнды - толькі ўжо за $ 10 тысяч штомесяц.

Напісаць каментар 49

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках