27 лiпеня 2024, Субота, 2:46
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Еўразвяз заснаваў акадэмію для навучання сваіх дыпламатаў

Еўразвяз заснаваў акадэмію для навучання сваіх дыпламатаў

Навучанне Дыпакадэмія ЕЗ будзе ажыццяўляць цягам чатырох навучальных гадоў.

Рада Еўрапейскага Звязу 21 траўня ўзгадніла стварэнне Дыпламатычнай акадэміі ЕЗ (EUDA) – першай установы ў гісторыі аб'яднання, якая будзе займацца прафесійнай падрыхтоўкай дыпламатаў.

Пра гэта гаворыцца ў паведамленні Рады ЕЗ.

Дыпламатычная акадэмія ЕЗ закліканая рыхтаваць дыпламатаў, якія будуць працаваць у Еўрапейскай службе знешніх справаў.

Яна «будзе спрыяць стварэнню крытычнай масы еўрапейскіх дыпламатаў, якія валодаюць глыбокім разуменнем прынцыпаў, мэтаў, каштоўнасцяў, інтарэсаў і глабальнай ролі ЕЗ і здольныя эфектыўна працаваць у Брусэлі, у дэлегацыях ЕЗ або ў межах нацыянальных структураў», піша Рада Еўразвязу.

Навучанне Дыпакадэмія ЕЗ будзе ажыццяўляць цягам чатырох навучальных гадоў – з 2024–2025 да 2027–2028 гадоў – у партнёрстве з Каледжам Еўропы, вядомай еўрапейскай адукацыйнай установай са шматгадовым досведам.

Новая ўстанова будзе працаваць пад кіраўніцтвам вярхоўнага прадстаўніка ЕЗ у замежных справах і палітыцы бяспекі. Ёй будзе кіраваць камітэт, у склад якога ўвойдуць па адным прадстаўніку ад кожнай дзяржавы-сябра, Еўрапейскага парламента, Рады ЕЗ і Еўракамісіі.

На фінансаванне Дыпламатычнай акадэміі ЕЗ на 2024–2025 гады заклалі крыху больш за 1,7 мільёна еўраў.

Пілотны этап праекту пад назвай «Еўрапейская дыпламатычная акадэмія» быў запушчаны летам 2022 года, другі адбыўся цягам 2023–2024 навучальнага года.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках