27 лiпеня 2024, Субота, 15:10
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Кожная варона здаецца Лукашэнку варожым дронам»

2
«Кожная варона здаецца Лукашэнку варожым дронам»

Галоўная апора рэжыму слабее.

Лукашэнка апынуўся ў палоне ўласнай канспіралогіі, піша палітолаг Аляксандр Класкоўскі для «Позiрка»:

- Лукашэнка і так характарам падазроны, недаверлівы. А яшчэ і сілавікі навыперадкі шпігуюць яго жахалкамі. Тут між волі кожная варона стане здавацца варожым дронам.

Зрэшты, мы не ведаем, пра што «малодшы брат» сакрэтнічаў з Уладзімірам Пуціным і ягонымі генераламі ў Крамлі ўночы 9 траўня. Магчыма, тыя плануюць значна шчыльней уцягнуць хаўруснічка ў свае агрэсіўныя планы. Калі ж Менск перасячэ чырвоныя лініі, то ў Кіеве могуць разважыць, што маюць права на адказ, у тым ліку і рукамі каліноўцаў.

Далей, аб стасунках з натаўцамі. Цяпер іх асцярогі наконт атакі пуцінска-лукашэнкаўскіх войскаў, скажам, на праславуты Сувалцкі калідор здаюцца перабольшанымі. Але апетыт прыходзіць падчас ежы. Хто ведае, якія будуць амбіцыі Крамля праз некалькі гадоў у выпадку, калі ён даб'ецца выгаднага для сябе замірэння ва Украіне і нарасціць вайсковую моц.

Лукашэнка ваяваць з Паўночнаатлантычным альянсам не рвецца, але Масква можа яго і не спытаць. Сутыкнуўшыся ж з агрэсіяй, дзяржавы NАТО здольныя змяніць свой погляд і на вайсковыя фармаванні супраціўнікаў Лукашэнкі.

Нарэшце, адкрытым застаецца пытанне аб рэсурсе ўстойлівасці рэжымаў у Маскве і Менску. Пакуль Крэмль моцны, дыктатара Беларусі паспрабуй скінь. Але супрацьстаянне са значнай часткай развітога свету паволі падточвае патэнцыял РФ, інакш кажучы - галоўную апору Лукашэнкі.

У свой час СССР не вытрымаў спаборніцтва са "светам капіталізму", перш за ўсё з ЗША. Вага ж РФ у сусветнай эканоміцы значна ніжэйшая, чым была ў СССР, санкцыі моцна падразаюць тэхналагічныя магчымасці як Расеі, так і Беларусі.

У выпадку ж значнага паслаблення Масквы крызіс рэжыму Лукашэнкі непазбежны. А ва ўмовах вострага крызісу, турбулентнасці ў грамадстве, расколу элітаў, разгубленасці сілавікоў смелыя дзеянні нават некалькі соцень падрыхтаваных людзей з іншага лагера могуць адыграць вызначальную ролю ў лёсе краіны.

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках