27 лiпеня 2024, Субота, 15:03
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Пенсіянеру з Ляхавічаў далі больш за сем гадоў калоніі за каментары ў інтэрнэце

22
Пенсіянеру з Ляхавічаў далі больш за сем гадоў калоніі за каментары ў інтэрнэце
БАРЫС ВІТКА

Мужчына назваў Лукашэнку злачынцам.

Берасцейскі абласны суд пасля доўгага перапынку 20 траўня вынес прысуд 68-гадоваму жыхару Ляхавічаў Барысу Вітку. Палітвязня прызналі «вінаватым» паводле некалькіх артыкулаў Крымінальнага кодэкса, далі больш за сем гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму і штраф, піша праваабарончы цэнтр «Вясна».

Барыс Вітка раней быў асуджаны за «абразу суддзі» паводле арт. 391 КК. Нібыта ён 30 верасня 2021 года ў тэлеграм-канале «Ляхавічы 97» напісаў абразлівы каментар у дачыненні да суддзі Мікалая Кміты. 20 студзеня 2023 года суд Ляхавіцкага раёна прызнаў яго «вінаватым» і прысудзіў да двух гадоў абмежавання волі без накіравання ва ўстанову адкрытага тыпу («хатняя хімія»). Пазней на яго завялі яшчэ адну справу, у судзе яе разгляд пачаўся яшчэ 4 студзеня 2024 года і доўжыўся з перапынкамі да 20 траўня.

Працэс вяла суддзя Вера Філонік.

Палітвязня абвінавацілі паводле сямі артыкулаў Крымінальнага кодэкса:

ч. 1 арт. 368 (Знявага Аляксандра Лукашэнкі);

ч. 2 арт. 368 (Знявага Лукашэнкі паўторна);

ст. 188 (Паклёп);

ч. 2 арт. 367 (Паклёп у дачыненні да Лукашэнкі);

ст. 369 (Знявага прадстаўніка ўлады);

ч. 1 арт. 130 (Распальванне сацыяльнай варожасці або калатнечы);

ч. 1 арт. 361 (Заклікі да мераў абмежавальнага характару (санкцый), накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь).

Паводле матэрыялаў абвінавачання, Вітка са студзеня 2021 года да ліпеня 2022 года наўмысна размясціў у «экстрэмісцкіх» чатах паведамленні, якія змяшчаюць абразы прадстаўнікоў улады ў сувязі з выкананнем імі службовых абавязкаў, і абражаў Лукашэнку, сцвярджаючы, што той учыніў злачынствы.

Агулам паводле ўсіх прысудаў і з частковым складаннем неадбытага пакарання канчаткова Вітку прызначылі сем гадоў і тры месяцы калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму са штрафам у даход дзяржавы сумай 12 000 рублёў.

Напісаць каментар 22

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках