27 лiпеня 2024, Субота, 15:03
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Каб аб'ехаць гэтыя ямы, трэба выехаць на сустрэчную паласу»

6
«Каб аб'ехаць гэтыя ямы, трэба выехаць на сустрэчную паласу»

Беларуска вымерала рулеткай выбоіны на трасе пад Пухавічамі.

Жыхарка Пухавіцкага раёна Менскай вобласці паскардзілася на дрэнны стан мясцовых аўтамабільных дарог. Паводле ейных слоў, некаторыя ямы на трасе Р69 маюць рэальную пагрозу для бяспекі дарожнага руху - іх глыбіня складае ад 4 да 11 сантыметраў.

Пасля таго, як жанчына, паводле ейных слоў, «ледзь не пакінула падвеску» ў адной з ям на адцінку дарогі «Свіслач-Рудзенск», яна не заленавалася замераць глыбіню ям рулеткай і зняла ўсё на відэа. Папярэдне аўтамабілістка паспрабавала датэлефанавацца ў Пухавіцкі выканкам і дарожна-эксплуатацыйную ўправу, якая адказвае за гэты адцінак. Датэлефанавацца да адказных асоб жанчыне не ўдалося, таму яна надумала звярнуцца да больш дзейснай практыкі - агучыць праблему і выкласці зварот у Сеціва.

Са слоў аўтамабілісткі, адкараскацца простым ямачным рамонтам, аб якім у апошні час рэгулярна даюць справаздачу дарожныя службы, на гэтым адцінку ўжо не атрымаецца.

«Колькі можна рабіць ямачны рамонт?! Можа ўжо час пакласці новы асфальт?!» - звярнулася разгневаная жанчына, паабяцаўшы звярнуцца на жывую лінію да старшыні мясцовага выканкама і скласці скаргу ў Адміністрацыю прэзідэнта.

«Магчыма, паводле дакументаў там ужо ляжыць новы асфальт, а мы пра гэта не ведаем?» - пытаецца аўтарка роліка, намякаючы на нядаўні скандал з рамонтам трасы ў Рэчыцкім раёне Гомельскай вобласці. Там капітальны рамонт адцінку дарогі М-10, які мясцовыя аўтамабілісты ахрысцілі «трасай смерці для падвескі», правялі толькі на паперах, а напраўду рамонтныя працы не выконваліся.

У каментарах пад відэа шмат хто падтрымаў жанчыну. Былі сярод іх і іншыя жыхары Меншчыны, якія пацвердзілі, што паказаная на відэа яма «яшчэ не дужа вялікая», ёсць на гэтай трасе і ямы «ўдвая глыбейшыя».

Адзін з каментатараў іранічна заўважыў, што патрапіць у такую яму можа толькі той аўтамабіліст, хто рэдка ездзіць па гэтай дарозе, а мясцовыя «свае ямы ведаюць усё ў твар». На што аўтарка роліка адзначыла, што па гэтым адцінку праязджае кожны дзень, а сёння заехала».

«Каб аб'ехаць гэтыя ямы, трэба выехаць на паласу сустрэчнага руху, а там часам едуць аўто. Да лабавога сутыкнення ні я, ні хто або іншы, не гатовыя», - растлумачыла яна.

Напісаць каментар 6

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках