Расейцы пачалі масава пакідаць Турцыю
14- 23.05.2024, 7:57
- 18,090
У чым прычына?
Дзясяткі тысяч расейцаў, якія ўцяклі ў Турцыю пасля ўварвання Расеі ва Украіну, пераехалі ў іншыя краіны за апошні год праз праблемы з атрыманнем дазволу на жыхарства, высокія кошты і цяжкасці з атрыманнем банкаўскіх паслуг праз санкцыі.
Пра гэта паведамляе Reuters.
У гэтым месяцы колькасць расейцаў з дазволам на жыхарства ў Турцыі ўпала да 96 000, што на траціну менш у параўнанні са 154 000 у канцы 2022 года, сведчаць афіцыйныя звесткі.
Грамадзяне РФ скардзяцца на цяжкасці з атрыманнем дазволу на жыхарства з пачатку 2023 года. У размове з агенцтвам яны паведамілі, што атрыманне дакумента зараз каштуе блізу 2000 даляраў.
Таксама прычынай пераезду называюць імклівы рост выдаткаў - інфляцыя ў Турцыі дасягнула 70% у мінулым месяцы. Акрамя таго, расейцы ў выніку дзеяння санкцый адчуваюць цяжкасці з атрыманнем асноўных банкаўскіх паслуг у Турцыі.
Управа міграцыі Турцыі заявіла, што ўсе адхіленыя заяўкі на дазвол на жыхарства ўключаюць абгрунтаванне на роднай мове замежнікаў у адпаведнасці з законамі, і што заяўнікі могуць свабодна выкарыстоўваць сродкі прававой абароны.
Масавы ад'езд расейцаў з РФ
Масавыя ўцёкі расейцаў з РФ пачаліся пасля таго, як у верасні 2022 года расейскі дыктатар Уладзімір Пуцін абвясціў мабілізацыю для вайны супраць Украіны.
Крэмль не апублікаваў ніякіх звестак аб уцёках, аднак Цэнтр змешанай міграцыі Дацкай рады ў справах бежанцаў кажа, што амаль 800 000 грамадзян Расеі пераехалі за мяжу пасля ўварвання ва Украіну.