Мегаскандал у МУС Беларусі: капітан кіраваў бандай, якая ў балаклавах рабавала дальнабойнікаў
118- 23.05.2024, 8:03
- 81,296
Супрацоўнік крымінальнага вышуку асабіста ўдзельнічаў у налётах.
КДБ затрымаў супрацоўніка крымінальнага вышуку Докшыцкага РАУС і ўдзельніка палітычных рэпрэсій капітана Міхаіла Згірскага. Міліцыянта абвінавачваюць у кіраўніцтве бандай налётчыкаў, пра затрыманне якой днямі адрапартавалі сілавікі.
У справаздачы Міністэрства ўнутраных спраў ад 20 траўня 2024 г. гаворка ідзе пра затрыманне пецярых жыхароў Воршы. Яны абкрадалі фургоны на стаянках па ўсёй Беларусі.
Пакуль кіроўца спаў у кабіне, злачынцы ўзломвалі замок грузавога адсека, загружалі свой мікрааўтобус крадзеным таварам - ад тэхнікі да харчавання, - і з'язджалі з месца злачынства. Выкрадзенае потым прадавалі ў Расеі ці карысталіся ім самі.
Гаворыцца аб шасці эпізодах, а таксама згадваецца выкарыстанне рацый і балаклаваў.
Але гэта няпоўная інфармацыя, якая ўтойвае тонкі момант.
Паводле інфармацыі «Нашай Нівы», схопленыя аршанскія ўдзельнікі банды пасля затрымання выдалі асобу іншага суўдзельніка, які і зрабіў схему магчымай – праз свой спецыфічны доступ да інфармацыі і веданне метадаў канспірацыі.
Як выявілася, кіраўнік банды налётчыкаў — 27-гадовы капітан Докшыцкага крымінальнага вышуку Міхаіл Згірскі.
Паводле інфармацыі «Нашай Нівы», Згірскі не толькі перадаваў удзельнікам банды інфармацыю аб ходзе расследаванняў крымінальных спраў па ўчыненых эпізодах і браў удзел у планаванні рабаванняў, але і сам удзельнічаў у гэтых налётах.
У кватэры Згірскага знайшлі іншую, адрозную ад табельнай, зброю, якая фігуравала ў заявах пацярпелых. А таксама адзенне з арыенціровак і балаклаву.
Сам Згірскі родам з блізкага да Воршы Талачына і нібыта даўно меў стасункі з крыміналізаванымі землякамі.
Крымінальная справа знаходзіцца на асаблівым кантролі ў кіраўнікоў МУС, Следчага камітэта, Генеральнай пракуратуры і КДБ. Іншыя супрацоўнікі крымінальнага вышуку Докшыцкага РАУС часова адхіленыя ад службы і правяраюцца на прадмет датычнасці да крыміналу.
Адразу пасля затрымання Згірскага ў раёне нават замянілі міліцэйскае начальства.
Варта таксама адзначыць, што Згірскі браў удзел у палітычных рэпрэсіях, затрымліваючы невінаватых грамадзян за ўдзел у акцыях пратэсту і выказванне нязгоды з рэжымам Аляксандра Лукашэнкі.