Папа Рымскі прысвоіў пробашчу Чырвонага касцёла ганаровы тытул
2- 23.05.2024, 16:20
- 2,938
Храм дагэтуль застаецца закрытым.
Папа Францішак прысвоіў настаяцелю Чырвонага касцёла Уладзіславу Завальнюку тытул Капелана Яго Святасці. Гэта адбылося на просьбу мітрапаліта Юзафа Станеўскага з нагоды 50-годдзя святарства кс. Завальнюка, паведамляе «Хрысціянская візія».
Абвяшчэнне прысваення тытула Капелана Яго Святасці адбылося на сустрэчы ксяндзоў у Будславе. Дакумент зачытаў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, які ўжо некалькі дзесяцігоддзяў ведае кс. Завальнюка.
Наконт гэтага іерарх сказаў: «Ты павінен святкаваць гэты юбілей не толькі ў гэтым касцёле ці ў іншых, але ў Чырвоным. На жаль, не можаш гэтага зрабіць. Не пабаюся сказаць - усе асацыююць чырвоны касцёл з кс. Завальнюком. Спадзяюся, гэтая праблема будзе развязаная. Калі не сёння, то ў іншы дзень».
Каплан Яго Свяцейшаства (лац.: Cappellanis Sanctitatis Suae) — святар, якому Папа прысвоіў гэты тытул. Капеланы называюцца мансіньёрамі і маюць некаторыя прывілеі ў частцы царкоўнага ладу.
Мітрапаліт Станеўскі далучыўся да віншаванняў пробашча касцёла св. Сымона і Алены і пажартаваў, што "ў Беларусі ёсць каталіцкі, гарадзенскі і чырвоны касцёлы".
У канцы верасня споўніцца два гады, як Касцёл св. Сымона і Алены зачынены ўладамі. Храм адключаны ад камунікацый, прыход прымусілі забраць сваю маёмасць. Ніякіх рамонтных прац у храме не праводзіцца.