Кампанія Wargaming перадала медыкам ва Украіне 13 рэанімабіляў
8- 23.05.2024, 19:03
- 7,110
Фотафакт.
Кампанія з беларускімі каранямі Wargaming перадала ўкраінскім медыкам 13 рэанімабіляў. Аб гэтым паведаміў міністр лічбавай трансфармацыі Украіны Міхаіл Фёдараў.
«У кастрычніку мінулага года сусветны распрацоўнік гульняў Wargaming запусціў дабрачынны праект # WargamingUnited у дапамогу украінскім лекарам. Тады праз платформу United24 атрымалася сабраць больш за 1 млн даляраў на машыны хуткай дапамогі - да збору далучыліся гульцы з 115 краін», - напісаў ён.
Са слоў Фёдарава, рэанімабілі з'ехалі ў Вінніцкую, Львоўскую, Кіеўскую, Адэскую, Харкаўскую, Чарнігаўскую, Запарожскую, Сумскую і Херсонскую вобласці.
Нагадаем, два гады таму кампанія з беларускімі каранямі Wargaming Group абвясціла, што перадала свой бізнэс у Расіі (кампаніі "Леста" і "Варгеймінг Масква") і заадно ў Беларусі ("Гейм Стрым") пад кіраванне мэнэджараў Lesta Studio. Было заяўлена, што ўсе яны больш не звязаныя з галаўной кампаніяй. Летам 2022 года ўладальнікі беларускага распрацоўніка, якія з сярэдзіны 2010-х аселі на Кіпры, выйшлі з расейскіх і беларускай кампаній і юрыдычна, прадаўшы кантрольныя дзелі іх кіраўніку Lesta Studio расейцу Маліку Хатажаеву.
Wargaming не першы раз ахвяруе ў падтрымку грамадзян Украіны. Кампанія накіравала мільён даляраў на медыцынскую дапамогу і абсталяванне ў першы тыдзень вайны, перадала 100 тысяч даляраў для надання дапамогі пацярпелым ад разбурэння плаціны Кахоўскай ГЭС.