26 чэрвеня 2024, Серада, 4:40
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Навукоўцы навучылі крумкачоў лічыць уголас

6
Навукоўцы навучылі крумкачоў лічыць уголас

У большасці выпадкаў крумкачы не памыляліся.

Каманда навукоўцаў з Нямеччыны і Італіі працавала з трыма чорнымі крумкачамі (Corvus corone), якіх папярэдне навучылі каркаць на каманду. Цягам некалькіх месяцаў птушак дрэсіравалі выдаваць адпаведную колькасць гукаў, калі на экране перад імі ўзнікалі лічбы 1, 2, 3 ці 4. Пасля чаго іх пазнаёмілі з чатырма гукавымі сігналамі, якія абазначаюць гэтыя лічбы.

Падчас эксперыменту птушкі маглі бачыць ці чуць сігнал, які азначае пэўную лічбу, і павінны былі выдаць патрэбную колькасць каркальных гукаў, а ў канцы дзеўбануць кнопку ўводу на сэнсарным дысплэі. Калі яны спраўляліся з заданнем, аўтаматычная кармілка прапаноўвала ім збожжа і чарвякоў, піша Nature.

У большасці выпадкаў крумкачы не памыляліся. На меркаванне даследнікаў, выніковасць птушак нельга растлумачыць проста выпадковасцю. Акрамя таго, навукоўцы заўважылі, што могуць прадказаць, якую колькасць гукаў збіраюцца выдаць крумкачы, з першага гуку. Такім чынам, птушкі загадзя ведаюць, колькі разоў збіраюцца каркнуць. «Значыць, гэта працэс, які кантралюецца ўспрыманнем», – сказаў заафізіёлаг Андрэас Нідэр з Універсітэта Цюбінгена.

Нягледзячы на ўвесь свой інтэлект, крумкачы рабілі памылкі ў ліку. «Калі мы аналізуем кожны асобны крык у паслядоўнасці, мы можам прадказаць, ці стане птушка заікацца – гэта значыць, каркне больш, чым мы паказалі – або прапусціць пэўныя гукі, выдаўшы менш гукаў, чым трэба было», – паведаміў навукоўца.

Не варта, аднак, думаць, што крумкачы дэманструюць «сапраўдную» здольнасць да лічэння. Гэтая здольнасць патрабуе разумення сімвалічнага значэння лікаў. Гаворка ідзе пра ўменні супастаўляць прапанаваныя аб'екты. Але ў эвалюцыйным сэнсе яно папярэднічае матэматычным здольнасцям.

Даследаванне біёлагаў адкрывае шлях да разумення нейронавых механізмаў, якія адказваюць за здольнасць да лічэння, і ўнікальных аспектаў працы з лікамі, якімі валодае чалавек. У дадатак яно можа спатрэбіцца для вывучэння кагнітыўных разладаў, напрыклад дыскалькуліі.

Напісаць каментар 6

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках