«Знішчым усіх»: Сікорскі раскрыў, што адказалі ЗША на ядзерныя пагрозы РФ
1- 25.05.2024, 12:28
- 14,582
Кіраўнік МЗС Польшчы расказаў пра ўльтыматум Вашынгтона.
Кіраўнік польскага міністэрства замежных спраў Радаслаў Сікорскі заявіў, што ЗША папярэдзілі РФ аб адказе ў выпадку нанясення ядзернага ўдару па Украіне.
Аб гэтым ён сказаў у інтэрв'ю для The Guardian.
У матэрыяле Сікорскі акцэнтуе на важнасці пераўзбраення Еўропы ў доўгатэрміновай перспектыве. Неабходна пераарыентавацца, таму што ў мірныя часы рабілася стаўка на высокатэхналагічныя платформы і дарагую зброю. Цяпер стала відавочна, што трэба шмат не такіх высокатэхналагічных рэчаў.
Таксама кіраўнік МЗС заявіў, што Еўропа павінна лепш авалодаць гульнёй у эскалацыю, каб Пуцін толькі здагадваўся пра сапраўдныя намеры. Ён падтрымлівае ўдары па вайсковых аб'ектах заходняй зброяй па расейскай тэрыторыі. Крэмль ні чым сябе не абмяжоўвае ва ўдарах па Украіне, акрамя ядзернага ўзбраення. Што да магчымасці ўдару ядзернымі ракетамі, то Сікорскі скептычна ставіцца да гэтага.
«Амерыканцы сказалі расейцам, што калі вы ўзарвяце ядзерную бомбу, нават калі яна нікога не заб'е, мы ўдарым па ўсіх вашых пазіцыях ва Украіне звычайнай зброяй, мы знішчым іх усіх», - сказаў Радаслаў Сікорскі.
Ён таксама дадаў, што Індыя і Кітай таксама выказалі свой пратэст супраць ядзернай зброі, таму што калі будзе парушанае гэтае табу, то Японія і Карэя таксама могуць стаць ядзернымі дзяржавамі. Пекіну гэта невыгадна.