NYT: Беспілотнікі выратавалі Украіну
- 25.05.2024, 19:22
- 5,260
У УСУ быў востры дэфіцыт боепрыпасаў.
Беспілотнікі сталі выратавальным колам для ўкраінскага войска, якое вымушана ваяваць супраць большых сіл агрэсара, маючы востры дэфіцыт артылерыйскіх боепрыпасаў і жаўнераў. Пра гэта гаворыцца ў рэпартажным артыкуле The New York Times.
Карэспандэнт выдання азнаёміўся з працай падраздзялення беспілотнай авіяцыі пад кіраўніцтвам 33-гадовага старшага лейтэнанта Юрыя Федарэнкі, шырока вядомага пад пазыўным «Ахіл». На працягу некалькіх месяцаў яго групы беспілотнікаў, якія ўваходзяць у склад 92-й дэсантна-штурмавой брыгады, запаўнялі праломы ва ўкраінскай абароне, стрымліваючы расейскае нашэсце, якое нацэлілася на Часіў Яр.
«Каманды працуюць дзень і ноч, атакуючы расейскую бронетэхніку, скідаючы выбухоўку на расейскія пазіцыі і выкарыстоўваючы свае беспілотнікі, каб перапраўляць забеспячэнне ўкраінскім жаўнерам уздоўж лініі фронту», – піша NYT.
Са слоў «Ахіла», без дронаў Украіна ўжо б пацярпела паразу ў вайне, і расейцы былі б у Кіеве. Вайсковец з гонарам паказаў журналістам свае майстэрні, дзе інжынеры дапрацоўваюць і тэстуюць дроны. Разам з тым ён выказаў гнеў і расчараванне наконт парушаных абяцанняў заходніх хаўруснікаў і страт, якія, з ягоных слоў, Украіна панесла ў выніку.
«Мы маем абсалютна абсурдную сітуацыю. Уявіце сабе баксёрскі паядынак, дзе ёсць роўныя баксёры, але адзін з іх можа стукнуць адзін раз, а яго супернік – 10 разоў. Гэта абсалютны тэатр абсурду», – кажа «Ахіл», каментуючы шматмесячны прыпынак паставак зброі з ЗША.
З ягоных слоў, баявыя дзеянні на ўсходнім фронце ніколі не былі такімі жорсткімі, як зараз. З тых часоў, як у верасні ўпершыню адчуўся недахоп артылерыйскіх набояў, украінскае войска ўвесь час страчвала пазіцыі перад нястомным і ўсё большым нападам Расеі.
Узімку ўкраінцам атрымалася прадухіліць вялікі прарыў расейцаў, але ў канцы лютага расейцы пачалі татальны наступ на Часіў Яр, сказаў «Ахіл». З дапамогай сваіх разведвальных беспілотнікаў ён бачыў, як расейскія жаўнеры групаваліся.
«Я зразумеў, што яны ідуць», – сказаў ён. Але без дастатковай колькасці артылерыйскіх набояў украінцы не маглі заатакаваць расейскія тылавыя шляхі забеспячэння, як яны звычайна рабілі, каб папярэдзіць атаку.
Са слоў «Ахіла», расейцы ішлі крок за крокам, займаючы адну пазіцыю за другой. «Гэта адбылося пасля таго, як у нас не хапала набояў, а нашай артылерыі не было з чаго страляць», – працягнуў ён. З ягоных слоў, гарматы стралялі толькі па два набоі на дзень, тады як яны павінны былі страляць не менш як 30.
У сярэдзіне красавіка, са слоў «Ахіла», расейцы здзейснілі чарговы штурм у бок Часівага Яра з 30 танкамі і бронетэхнікай. УСУ змаглі падбіць не менш за 22 машыны, але праз недахоп артылерыі большасць удараў наносілі групы беспілотнікаў. Гэта былі не толькі дроны-камікадзэ, але і дроны, якія скідалі міны на шляху расейскай бронетэхнікі. Некаторыя машыны таксама былі пашкоджаныя ўкраінскай пяхотай з супрацьтанкавай зброі.
«Усё, што мы можам зрабіць зараз, маючы беспілотнікі, якія ў нас ёсць, гэта запаволіць іх прасоўванне», – сказаў вайсковец.