18 лiпеня 2024, Чацвер, 11:35
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

УЕФА папярэдзіў лукашыстаў

6
УЕФА папярэдзіў лукашыстаў

Пад санкцыямі могуць аказацца АБФФ і беларускія футбольныя клубы.

Пасля лютага 2022 года так званая «Белтэлерадыёкампанія» (па факце – холдынг, які займаецца прапагандай у інтарэсах рэжыму Лукашэнкі) знаходзіцца пад санкцыямі шэрагу краін, піша «Трыбуна».

Прычына – вайна супраць Украіны, якую Расея вядзе пры падтрымцы лукашыстаў. Калі санкцыі ўвяла і Швейцарыя, у чыёй юрысдыкцыі знаходзяцца ФІФА і УЕФА, гэтыя футбольныя арганізацыі забаранілі тэлерадыёкампаніі паказваць топ-турніры, правамі на якія яны валодаюць. Аднак рэжымных чынушаў гэта не палохае. Яны прагнуць паказаць чэмпіянат Еўропы ў футболе-2024, нягледзячы на забарону праваўладальніка. Падобны «хітрык» ужо чыніўся, аднак гэтым разам, паводле інфармацыі «Трыбуны», ён можа мець сур'ёзныя наступствы. Няхай нават не для БТРК.

Яшчэ ў студзені 2023 года лукашысты прынялі нешта, што называюць законам, – «Аб абмежаванні выключных правоў на абʼекты інтэлектуальнай уласнасці». Дакумент, які адобрыў і падпісаў дыктатар, прадугледжвае стварэнне спіса абʼектаў інтэлектуальнай уласнасці, якія належаць праваўладальнікам з недружалюбных, на думку лукашыстаў, краін, і якія можна выкарыстоўваць без дазволу гэтых праваўладальнікаў.

Так званаму міністэрству інфармацыі Лукашэнку дазволена папаўняць гэты спіс, калі праваўладальнік з «замежнай дзяржавы, якая чыніць недружалюбныя дзеянні», забараніў ці не дазволіў трансляцыю, аднак яна неабходная для «стварэння ўмоў для павышэння ўзроўню інфармацыйнай бяспекі», «развіцця інтэлектуальнага і духоўна-маральнага патэнцыялу грамадства» або «забеспячэнне доступу да дасягненняў сусветнай культуры і падзей сучаснага жыцця».

Так у Беларусі ўжо «дазволілі» трансляваць чэмпіянат Еўропы ў футболе, які пройдзе з 14 чэрвеня да 14 ліпеня ў Нямеччыне. А вось УЕФА на гэта дазволы не даваў.

Адзін футбольны турнір лукашысты ўжо «запірацілі». Размова аб чэмпіянаце свету ў пляжным футболе, які праходзіў у лютым сёлета. Яго паказалі на рэжымнай ТВ, не атрымаўшы дазволу ў праваўладальніка, якім зʼяўляўся ФІФА.

Што тычыцца Еўра-2024, то і яго паказ пакуль плануецца на канале «Беларусь 5». Гэта нам пацвердзілі некалькі не звязаных адна з адной крыніц на БТРК. Колькі хочуць скрасці матчаў, у запісе ці ў жывым эфіры, – гэтыя дэталі пакуль невядомыя.

Пры гэтым 6 верасня 2023 года старшыня тэлерадыёкампаніі прапагандыст Іван Эйсмант казаў, што «пра чэмпіянат Еўропы пакуль не думалі, але, мне здаецца, не будзем паказваць, пакуль размоваў пра гэта няма». Выглядае, што афіцыйны дазвол заняцца пірацтвам адкарэктаваў гэтую пазіцыю.

Аднак узнікла праблема. Ва УЕФА звярнулі ўвагу на вольнае стаўленне лукашыстаў да аўтарскага права і наважылі дзейнічаць на апярэджанне. Паводле нашых звестак, паміж БТРК і УЕФА вядзецца перапіска наконт Еўра-2024, у якой футбольны звяз папярэджвае прапагандыстаў аб намеры абараняць сваю інтэлектуальную ўласнасць. Ва ўмовах беззаконня, якое сёння пануе ў Беларусі, лукашэнкаўскія тэлевізіёншчыкі маглі б спакойна пасмейвацца над пагрозамі еўрапейскіх структур, аднак ва УЕФА абяцаюць несіметрычны адказ – пагражаюць прымяніць санкцыі да АБФФ і беларускіх удзельнікаў еўракубкаў.

Калі лукашэнкаўская ТВ усё ж пакажа чэмпіянат Еўропы, УЕФА пакідае за сабой права пазбавіць усіх выплат клубы, якія будуць гуляць у еўракубкавай кампаніі-2024/25. Менскае «Дынама» стартуе ў Лізе чэмпіёнаў, «Нёман», «Тарпеда-БелАЗ» і «Іслач» – у Лізе канферэнцый.

Звычайна беларускія клубы сурʼёзна разлічваюць на еўракубкавыя грошы. Усё ж гэта адна з рэальных магчымасцяў зарабіць самастойна, а не выпрошваць фінансавання з рэжымнага бюджэту. Напрыклад, у кампаніі-2022/23 Салігорск зарабіў 1 мільён еўраў, менскае «Дынама» – 550 тысяч, БАТЭ – 500 тысяч. І гэта з улікам таго, што ніхто з іх і блізка не падабраўся да групавога раўнда. Наогул, штогод клубы з Беларусі зарабляюць з дапамогай УЕФА 1,5-2 мільёны еўраў.

Таксама, паводле нашых звестак, вялікая імавернасць, што ў выпадку рэжымнага пірацтва ўсіх грошай ад УЕФА пазбавіцца і Беларуская федэрацыя футбола, а гэтыя паступленні якраз і складаюць аснову бюджэту. Штогод ад еўрапейцаў на рахунак АБФФ прыходзіць прыкладна 10 мільёнаў еўраў.

Ва УЕФА прапанавалі лукашэнкаўскай тэлерадыёкампаніі падумаць аб наступствах калі не для сябе, то для іншых. Аднак рэжымнікі далёка не заўсёды кіруюцца агульнапрынятым разумным сэнсам.

Напісаць каментар 6

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках