Байдэн назваў Пуціна бязлітасным тыранам
8- 26.05.2024, 15:50
- 4,026
ЗША прадоўжаць пастаўляць зброю і трэніраваць украінскіх вайскоўцаў.
Прэзідэнт ЗША Джо Байдэн назваў кіраўніка Крамля Пуціна «лютым тыранам», кажучы аб развязанай РФ вайне супраць Украіны.
Як паведамляе «Еўрапейская праўда», пра гэта Байдэн сказаў падчас выступу перад выпускнікамі Вайсковай акадэміі ЗША ў Вест-Пойнце.
Падчас выступу амерыканскі прэзідэнт пацвердзіў непахісную падтрымку Злучанымі Штатамі Украіны ў вайне з Расеяй.
- Мы стаім побач з Украінай і будзем стаяць разам з ёй. Мы стаім супраць чалавека, якога я добра ведаю шмат гадоў, жорсткага тырана. Мы не можам, мы не адступім, - адзначыў ён.
Байдэн падкрэсліў, што ЗША прадоўжаць пастаўляць зброю і трэніраваць украінскіх вайскоўцаў, аднак ён выключыў адпраўку войскаў ЗША ва Украіну.
- Амерыканскія жаўнеры не ўдзельнічаюць у вайне ва Украіне. Я поўны рашучасці, каб так і засталося, - сказаў ён.
Байдэн дадаў, што Пуцін быў «упэўнены, што NATO распадзецца».
- Замест гэтага самы вялікі абарончы альянс у гісторыі свету - мацнейшы, чым калі-небудзь, - падкрэсліў ён.