26 чэрвеня 2024, Серада, 15:34
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Рэгулярна насіў мне бел-чырвона-белую пасцілу»

5
«Рэгулярна насіў мне бел-чырвона-белую пасцілу»
КАЛАЖ: CHARTER97.ORG

Кароткія гісторыі пра беларускую салідарнасць, якія даюць надзею.

На фоне штодзённых навін пра затрыманні, прысуды, небяспечныя рассылкі і вайну здаецца, што навокал не адбываецца нічога добрага. Але гэта не так. «Медыязона» спытала ў беларусаў з розных куткоў краіны, якія добрыя падзеі здарыліся ў іх жыцці за апошні час - там знайшлося месца і салідарнасці.

Дар'я, Магілёўская вобласць

Збіраюся ехаць у Польшчу да сяброўкі, якая ўжо пару гадоў як на эміграцыі вымушана. Купляю беларускія прысмакі. У фірмовай краме «Чырвонага харчавіка» накупляла ўсяго, яна папрасіла навінак. Увогуле даволі вялікі мяшок сабраўся. Дзяўчаты на касе пытаюцца - а вам куды столькі? Я расказваю, што сяброўцы ў эміграцыі вязу прысмакі з радзімы. Прадавачкі сталі распытваць, што як, Грузія ці Польшча, і ў выніку перадалі самі яшчэ пакет нейкіх новых мармеладак - проста так, з салідарнасці, ад сябе.

Святлана, Менск

Зайшла зімой у краму ў гандлёвым цэнтры, прымяраю шапку. Мне мала што пасуе звычайна, я шапкі амаль не нашу, а тут вось проста як на мяне яна. Вельмі захацелася купіць. А ў мяне толькі картка, гатоўкі амаль не нашу. Палезла ў партманэт - рубля не стае. У гэты момант мне тэлефануе сястра. Ну я ёй і кажу - вось, шапку файную знайшла, але купіць не магу, не стае рубля. І ўжо збіраюся выходзіць з крамы, як мяне торгае нейкая пакупніца і дае мне рубель: «Вось, вазьміце, гэта дробязь, зрабіце сабе прыемна». Я ёй вядома дзякую, а яна мне адказвае: беларусы адзін аднаму з 2020 года яшчэ і не так дапамагаюць. Мне вядома ажно на душы лягчэй стала.

Алена, Менск

Мне давялося з'язджаць з краіны. Калі без падрабязнасцей, то быццам бы не гарэла, але прыйсці маглі ў кожны момант. Давялося ў экстраным парадку прадаваць і раздаваць усё тое, што было ў нашай арандаванай кватэры. А там была і мэбля, і лядоўня высокая, і пралка - ставала розных рэчаў.

Адзін мой сябар працуе ў краме бытавой тэхнікі, у іх там ёсць і машына, і грузчыкі. Дамовілася з ім, што мне дапаможа, а я і яму, і хлопцам-грузчыкам заплачу. І вось яны мне развезлі мэблю па сябрах, тэхніку бацькам, прыстойна так паездзілі па горадзе. Цяжкую лядоўню на пяты паверх цягнулі, сталы нейкія. Я ў канцы паездкі пытаю, што я ім вінна. Ён адказвае - я табе потым скажу, нам палічыць трэба. Ну думаю: ок, тамака ж у іх тарыфы, у залежнасці ад паверха, на які рэчы паднімалі і гэтак далей. Тэлефаную яму праз дзень, а ён кажа - мы з хлопцамі параіліся і пастанавілі, што з улікам абставін нічога ты нам не вінная, гэта бясплатна ўсё было. Я, шчыра кажучы, нават расплакалася.

Сяргей, Магілёўская вобласць

Нечаканая ў нас здарылася хваля салідарнасці. У адным з гандлёвых цэнтраў знаходзіўся павільён-прытулак для бяздомных жывёлін. Ёсць у горадзе і вялікія прытулкі, вядома. А тут — маленькі філіял, у ім кацяняты са шчанюкамі чакалі новых гаспадароў, а яшчэ і пыскамі сваімі мілымі збіралі дапамогу ўсім астатнім. І сам ведаю, што многіх адтуль забіралі ў новыя дамы.

Але нешта здарылася, і прытулак у інстаграме напісаў, што адміністрацыя надумала скасаваць ім арэнду. Што тут пачалося! Не тое, што проста лайкі і каментары. Людзі пайшлі ў адміністрацыю нагамі ды і тэлефанаваць туды пачалі, сталі прасіць за той прытулак. Адміністрацыя ўсё зразумела, дамову больш скасоўваць не хочуць, папрасілі больш не тэлефанаваць.

Аляксандр, Гарадзенская вобласць

Мяне зімой зноў пасадзілі. Перад выбарамі, канешне, усюды прыходзяць да актывістаў. Але на гэты раз бралі прыстойна, толькі два чалавекі, і ў машыне ехаў седзячы. Адразу відаць – нашая мусарня, не залётныя.

На адміністрацыйным арышце зараз, бывае, адпраўляюць на працу. Смецце сартаваць ці яшчэ што. Дык раней хаця б сваякі маглі на працу прыехаць, паесці прывезці, адзенне працоўнае. Цяпер такое забаранілі. Але тыя работнікі, што там былі, з намі сваімі абедамі дзяліліся, а бывала што і нешта з дому для нас прыносілі, хаця і самі зарабляюць капейку. Вось так.

Максім, Магілёў

Да таго затрымання ў 2022 годзе я дапамагаў аднаму хлопчыку з цяжкім захворваннем сабраць грошы на лекі і рэабілітацыю. Дзяцей з такім дыягназам вельмі мала ў Беларусі, і пасля 2020 года так выйшла, што ўвага да такіх дзяцей згасла. Не тое, што пра іх усе забылі, але, напэўна, ім стала менш дапамогі паступаць, бо ў краіне з'явіліся і палітвязні, і пацярпелыя.

Я вельмі быў уключаны ў яго гісторыю, хоць гэта было цяжка, таму што там праўда няпроста гэтаму малому, ён цяжка хворы. Калі я выйшаў, высветлілася, што патрэбная сума сабраная, дзіця з бацькамі атрымала рэабілітацыю ў іншай краіне і цяпер яго стан нават стабілізаваўся. Ён мне нават малюнак намаляваў у падзяку за ўдзел у ягоных зборах. Пакуль толькі - са зразумелых прычын - не можам сустрэцца.

Ірына, Берасцейская вобласць

Я выйшла з калоніі ў 2023 годзе. Нядаўна тэлефанаваў муж адной палітычнай, якая яшчэ сядзіць. Быў на спатканні. Жонка прасіла адшукаць мяне - перажываюць яны ў калоніі за мяне, як я там на волі... Распавяла я яму пра прафулік, міліцыю. Ім гэта карысна будзе ведаць на будучыню.

У гэтай жанчыны некалькі рапартаў за апошні час, штрафны ізалятар. Хварэе, а за мяне хвалюецца, як я на волі.

Кацярына, Менск

У мяне было сумоўе ў анлайн-гіпермаркет, дзяўчына-мэнэджар размаўляла па-беларуску. Не падбіраючы словы, вельмі так чыста, добра. Прыемна было пачуць беларускую мову ў Беларусі. Здаецца, зараз яна часцей гучыць за мяжой, а ў Беларусі размаўляць на ёй - практычна пікет.

Дзмітрый, Магілёўская вобласць

Уладальнікі адной з мясцовых кавярняў арганізавалі ў сябе выставу тутэйшых мастакоў. Вось ужо трэцяя экспазіцыя нядаўна адкрылася. Быў на адкрыцці - клас! Народу шмат, жывая музыка, размовы, людзі танчаць. І гэта без грама алкаголю на сталах. А гавораць, у Беларусі ўсё заглухла. Для нашага мястэчка, між іншым, вялікая падзея. Можна бясплатна прыйсці, паглядзець карціны і каву выпіць. Гаспадыня кавярні ўжо ў мясцовым жывапісе разбіраецца, можа расказаць усё пра карціны.

На адной карціне быццам жаданне загадваюць. Пытаю - а як, яе ж не патрэш. А яна адказвае - а вы з ёй пагаварыце.

Валерый, Берасцейская вобласць

Усё звычайна і натуральна - мужныя добрыя людзі робяць тое, што трэба. Калі я быў у зняволенні, адзін мой сябар на працягу ўсяго тэрміна клапаціўся пра маю жонку, раз на тыдзень тэлефанаваў ёй, а ў СІЗА рэгулярна насіў мне бел-чырвона-белую пасцілу. У апошнія разы была ўжо бела-вішнёва-белая, бо вытворца змяніў рэцэпт.

Яшчэ два чалавекі, з якімі зрэдку толькі размаўлялі, на хімію мне сабралі дзве вялікія торбы: швэдры, кашулі, боты, рабочае адзенне, некалькі пар рукавіц. Людзі з розных колаў літаральна ўвесь час дапамагалі: грашыма, садавіной-гароднінай і іншым.

Напісаць каментар 5

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках