26 чэрвеня 2024, Серада, 15:13
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

The Guardian: Пуцін даў дазвол ФСБ

1
The Guardian: Пуцін даў дазвол ФСБ
Фота: Getty Images

Шайгу і Герасімаў зараз пад пагрозай.

Дыктатар Расеі Уладзімір Пуцін пачаў маштабныя кадравыя чысткі ў абаронных ведамствах. Пастановы дыктатара здзіўляюць нават ягонае асяроддзе.

Як гаворыцца ў матэрыяле The Guardian пасля звальнення міністра абароны Сяргея Шайгу, ФСБ Расеі расследавала шэраг спраў аб карупцыі на высокім узроўні супраць ягоных намеснікаў і топ-мэнэджараў міністэрства. Многія інсайдэры зараз называюць гэта чысткай у міністэрстве абароны.

ФСБ хоча ўзнагарод і падвышэнняў

Цяпер ведамствам кіруе эканаміст Андрэй Белавусаў. Пуцін даручыў яму зменшыць карупцыю і аптымізаваць вайсковую вытворчасць для працяглай вайны супраць Украіны.

Але былыя чыноўнікі абароны і Крамля, былыя афіцэры і замежныя назіральнікі заявілі, што, магчыма, адстаўка Шайгу дазволіла ФСБ ліквідаваць уплывовых чыноўнікаў ва ўладзе.

«ФСБ нарэшце ўзялася за міністэрства абароны і генеральны штаб», - сказаў капітан Джон Форман, былы аташэ ў пытаннях абароны Вялікабрытаніі ў Маскве.

Ён мяркуе, што арышты могуць працягнуцца пасля таго, як «трыванне Пуціна нарэшце лопне».

«Шайгу ў асноўным трымаў ФСБ далей ад міністэрства на працягу ўсяго свайго знаходжання на пасадзе, арыштаў было вельмі мала. Калі ФСБ узлавалася, хто ведае, як далёка яны зойдуць», - сказаў ён.

Падчас вайны ва Украіне Шайгу і Герсасімаў зазнавалі крытыку з боку праваенных прыхільнікаў няўдач войска і іх няздольнасці выкараніць распаўсюджаную карупцыю ва ўзброеных сілах. Мінулым летам гэта незадаволенасць дасягнула апагею, калі верхавод «Вагнера» Яўген Прыгожын ініцыяваў няўдалае паўстанне супраць вайсковага кіраўніцтва.

У Расеі глыбокае міжведамаснае спаборніцтва, і ліквідацыя Шайгу, магчыма, дала следчым у ФСБ і следчым камітэце магчымасць узяцца за крымінальныя справы супраць вышэйшага кіраўніцтва, спрабуючы атрымаць падвышэнне і пахвалу.

«Пасадзіць у турму сапраўднага жывога намесніка міністра абароны - мара кожнага следчага, гэта выдатна, гэта мара ўсяго жыцця. За гэта ты атрымліваеш новыя пагоны, падвышэнне, нейкую ўзнагароду. За гэта можна зарабіць рэпутацыю», - сказаў адзін з былых чыноўнікаў Крамля.

У выпадку крымінальнага пераследу на высокім узроўні, магчыма, праінфармуюць асабіста Пуціна. Малаверагодна, што карупцыйныя справы былі ініцыяваныя самім Крамлём.

Чысткі працягваюцца

На працягу месяца чатыры высокапастаўленыя чыноўнікі МА былі арыштаваныя паводле абвінавачанняў у карупцыі, што стала самай значнай рэпрэсіяй у міністэрстве абароны за апошнія гады. Чыстка пачалася 23 красавіка з шокавага арышту былога намесніка міністра абароны Цімура Іванова паводле падазрэння ў атрыманні хабару. Крэмль у чацвер зняпраўдзіў усе здагадкі аб рэпрэсіях у міністэрстве абароны.

«Барацьба з карупцыяй - гэта паслядоўная праца. Гэта не кампанія, гэта пастаянная праца», - заявіў прэс-сакратар Крамля Дзмітрый Пяскоў.

Іваноў быў шматгадовай даверанай асобай і пратэжэ Сяргея Шайгу. Мяркуецца, што яго затрыманне заклала аснову для звальнення Шайгу,.

У наступныя тыдні былі затрыманыя дадатковыя высокапастаўленыя чыноўнікі. Сярод іх - начальнік управы кадраў міністэрства Юрый Кузняцоў і начальнік управы сувязі Генштаба РФ Вадзім Шамарын. Праз некалькі гадзін пасля затрымання Шамарына ў чацвер Следчы камітэт Расеі таксама паведаміў аб затрыманні яшчэ аднаго чыноўніка Мінабароны - Уладзіміра Верцялецкага, які ўзначальваў аддзел у дэпартаменце дзяржаўнага абароннага заказу ведамства.

Раней у гэтым месяцы Крэмль абвясціў, што галоўны расейскі генерал Валерый Герасімаў, начальнік Генштаба, захавае сваю пасаду. Зрэшты, арышт Шамарына, намесніка Герасімава, можа аслабіць пазіцыі генерала ў ваеннай герархіі.

«Верагоднасць звальнення Герасімава ўзрасла», - сказаў Форман.

Былы чыноўнік абароны сказаў, што арышты паказалі, што баланс сілаў змяніўся на карысць расейскіх службаў бяспекі, у той час як войска выглядае хаатычным.

«Управа контрвыведкі ФСБ (1-я ўправа) становіцца ўсё больш магутнай. Цяпер яны трымаюць усе карты і закручваюць гайкі. Рэч не ў тым, што прыход Белавусава прывёў да чыстак», - сказаў чыноўнік, які шчыльна супрацоўнічаў з Івановым і Шайгу.

Расейская пракуратура таксама ўзялася за высокапастаўленага генерала, найбольш вядомага сваёй крытыкай Шайгу і Герасімава. Генерал-маёр Іван Папоў, які камандаваў 58-й агульнавайсковай групоўкай, заявіў мінулым летам, што яго звольнілі пасля таго, як ён распавёў аб праблемах на полі бою, аб адсутнасці контрбатарэйнага агню, а таксама аб стратах. Папова абвінавачваюць у крадзяжы металу на 100 мільёнаў рублёў. Яго арыштавалі ў аўторак і змясцілі ў следчы ізалятар.

Арышты звязаныя з Украінай

Глеб Ірысаў, былы лейтэнант ВПС Расеі, які пакінуў вайсковую службу ў 2020 годзе, сказаў, што перад арыштамі размаўляў з крыніцай у ФСБ, якая паведаміла яму, што чыстка ў міністэрстве абароны будзе выкліканая галоўным чынам няўдачамі ва Украіне.

«За Сяргеем Шайгу міністэрства абароны патрапіла пад моцны ўплыў ягонай асабістай сеткі. Ад старэйшых камандзіраў да найніжэйшага складу ключавыя пасады займалі выбраннікі Шайгу - сябры ці сябры сяброў. Ён нават стварыў шматлікія пасады намеснікаў спецыяльна для сваіх супольнікаў», - сказаў Ірысаў.

Сярод іх - палюбоўніца Сяргея Шайгу, якая ўзначальвала кампаніі, якія зараблялі мільёны рублёў на кантрактах з Мінабароны. Ірысаў сказаў, што ён рэгулярна выяўляе няякаснае абсталяванне ў войску, уключаючы лямпачкі, якія плавяцца на звышгукавых хуткасцях падчас палёту на сучасным расейскім знішчальніку Су-35, а таксама дрэнныя грузавікі і сістэмы СПА, якія не могуць збіваць сучасныя беспілотнікі. Ён сказаў, што часткова іх недахопы з'яўляюцца вынікам карупцыі ў часы Шайгу.

«Агульная якасць вайскоўцаў пацярпела з-за таго, што сродкі рэгулярна раскрадаліся. Ваенныя вучэнні часта існавалі толькі на паперы, паколькі выдзеленыя грошы выводзіліся», - сказаў Ірысаў.

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках