26 чэрвеня 2024, Серада, 15:35
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У Расеі загінуў амаль увесь ураджай яблыкаў і ягадаў

33
У Расеі загінуў амаль увесь ураджай яблыкаў і ягадаў

Мінсельгас РФ збіраецца ўвесці рэжым НС федэральнага значэння.

Травеньскія замаразкі пашкодзілі да 70% яблыняў у цэнтральнай Расеі, што прывядзе да істотнага падзення ўраджаю сёлета, паведаміў РІА Новости прэзідэнт Асацыяцыі вытворцаў пладоў, ягадаў і пасадачнага матэрыялу Ігар Муханін. Паводле ягоных словаў, больш за ўсё пацярпелі Варонежская, Ліпецкая, Растоўская і Тамбоўская вобласці.

«Уся цэнтральная зона Расеі без яблыкаў будзе. У яблыках 50%, а то і 70% страчана. <…> Можа быць, троху ў Туле будзе, у паўночных зонах яшчэ можа нешта застацца. Будзем спадзявацца, што Краснадар не падвядзе», – заявіў Муханін.

Гендырэктар тамбоўскай гаспадаркі «Дубовае» Валерый Чаркашын пацвердзіў сур'ёзнасць сітуацыі. «У нас усё загінула: і суніцы, і вішні, і яблыкі з ігрушамі. Агульныя страты склалі 391 млн рублёў. Цяпер нам трэба будзе пражыць 15 месяцаў да ўраджаю наступнага года», – сказаў ён.

Паводле звестак Mash, таксама замаразкі знішчылі амаль увесь ураджай суніцаў у Бранскай, Курскай, Ліпецкай і Растоўскай абласцях, дзе наладжаная прамысловая вытворчасць. У сувязі з гэтым пастаўшчыкі рыхтуюцца павысіць кошты як мінімум удвая – у тым годзе 1 кг гэтых ягадаў каштаваў блізу 3000 рублёў. А паколькі суніцы шырока выкарыстоўваюць у кандытарскай справе, кошты тартоў, пірожных, джэмаў і сочыва таксама павысяцца. Акрамя таго, гэтыя ягады ўжываюць у фармацэўтыцы – пры вытворчасці лекаў ад гіпертаніі.

Гендырэктар «Ягаднага звязу» Ірына Козій адзначала, што замаразкі адбіліся таксама на чорных парэчках. Паводле ейных словаў, праз нізкую тэмпературу вялікі аб'ём першага ўраджаю ягадаў быў страчаны на поўдні цэнтральнай часткі Расеі і ў Татарстане. Козій папярэдзіла, што ў пастаўках у пачатку чэрвеня можа ўзнікнуць паўза, што прывядзе да дадатковага росту коштаў.

Раней у Расеі рэзка падаражэлі клубніцы. У траўні сярэдні раздробны кошт 1 кг гэтых ягадаў склаў 588 рублёў – гэта на 20% вышэй, чым летась.

Праз праблемы з ураджаем яблыкаў і ягадаў расейцам трэба падрыхтавацца да павышэння коштаў таксама дзіцячага харчавання і сокаў. Гэтая прадукцыя можа падаражэць на 30 адсоткаў.

Міністарка сельскай гаспадаркі Расеі Аксана Лут заявіла, што праз сітуацыю, якая склалася, краіне давядзецца імпартаваць яблыкі з-за мяжы. «У ягадах у нас будуць, мусіць, складанасці. У яблыках будзем глядзець… пастаўкі з іншых краінаў», – сказала яна.

Акрамя гэтага, Мінсельгас РФ збіраецца ўвесці праз страты ўраджаю рэжым НС федэральнага значэння. Паводле словаў Лут, тэрміны яго дзеяння «пакуль не вызначаныя». Установа мае намер папрасіць ва ўраду кампенсаваць страты сельгаспрадпрыемствам, якія вырошчваюць пладовыя культуры.

Напісаць каментар 33

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках