26 снежня 2024, Чацвер, 16:02
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Пуцін сцягвае авіяцыю ў Беларусь: што задумаў Крэмль

26
Пуцін сцягвае авіяцыю ў Беларусь: што задумаў Крэмль

Ці будзе новы наступ на Украіну з поўначы?

Расея раптоўна сцягнула вайсковую авіяцыю ў Беларусь. На адным з аэрадромаў заўважылі больш за 10 самалётаў і верталётаў.

Што задумалі Пуцін і Лукашэнка і ці варта ўкраінцам рыхтавацца да новага наступу з поўначы, гаворыцца ў матэрыяле ТСН.

Авіяцыя РФ у Беларусі

Расея раптоўна сцягнула ў Беларусь сваю авіяцыю: вайсковыя сілы сканцэнтраваныя на аэрадроме «Баранавічы».

«Паведамлялася, што 25 траўня на аэрадром «Баранавічы» з расейскай Сешчы прыбылі два верталёты Мі-24 і Мі-8 ПКС РФ. Пасля высветлілася, што з РФ у Беларусь было перакінута больш верталётаў», - пішуць СМІ.

Паводле ўдакладненых звестак, сумарна 25 траўня ў «Баранавічы» прыбылі 8 верталётаў Мі-24 і Мі-8 ПКС РФ.

Такім чынам, зараз у Баранавічах знаходзяцца:

2 выведвальныя самалёты Су-24МР ПКС РФ;

мінімум 4 знішчальнікі Су-30СМ ПКС РФ;

8 верталётаў Мі-24 і Мі-8 ПКС РФ.

У той жа час зафіксаваная і незвычайная актыўнасць беларускіх верталётаў. З аэрадрома «Мачулішчы» вылецелі 12 беларускіх верталётаў, якія таксама паляцелі ў «Баранавічы» і на аэрадром «Асаўцы», што непадалёк.

«З 27 да 31 траўня «ў рамках удасканалення адзінай рэгіянальнай сістэмы СПА Беларусі і Расеі» праводзяцца супольныя лётна-тактычныя вучэнні», - паведаміла МА Беларусі.

Да вучэнняў прыцягваюцца авіяцыйныя базы, падраздзяленні зенітных ракетных і радыётэхнічных войскаў УС РБ, а таксама экіпажы выведвальнай, знішчальнай і вайсковай авіяцыі ПКС УС РФ. Кіраўніцтва вучэннямі будзе ажыццяўляць камандуючы ВПС і войскамі СПА Беларусі.

«Падчас вучэнняў будуць адпрацаваныя пытанні кіравання разнастайнымі сіламі авіяцыі, а таксама арганізацыя ўзаемадзеяння пры выкананні імі вучэбна-баявых задач. Асноўныя намаганні будуць накіраваныя на вырашэнне задач па прыкрыцці дзяржаўных і вайсковых аб'ектаў ад удараў сродкаў паветранага нападу. Таксама на авіяцыйных палігонах экіпажам давядзецца адпрацаваць прыкрыццё падраздзяленняў наземных войскаў».

Рыхтуецца наступ?

На гэтым фоне ў сеціве зноў пачалі гуляць чуткі, што расейцы могуць рыхтаваць новы наступ на Украіну з поўначы і такім чынам хаваюць падрыхтоўку да нападу. Але гэта малаімаверна, і мы растлумачым чаму.

Па-першае, здзіўляе факт, што паводле версіі Міністэрства абароны Беларусі, вучэнні ў іх агульныя з расейцамі, але расейскае МА наогул пра іх маўчыць - нават не выпусціла ніводнага допісу ў Telegram.

Зноў палохаюць?

Аналітык тлумачаць гэта проста - расейцам насамрэч гэтыя вучэнні не цікавыя. Менавіта таму яны аддалі камандаванне імі беларускім военачальнікам. Калі б тыя рыхтавалі новую аперацыю, напрыклад, каб зайсці на Кіеўшчыну, такую адказнасць яны дакладна не ўсклалі б на неспрактыкаваных «супольнікаў».

Па-другое, дзеянні РФ і РБ ужо пракаментавалі ў Цэнтры супрацьдзеяння дэзінфармацыі пры РНБА Украіны і выкрылі сапраўдную задуму РФ. На думку спецыялістаў ЦСД, гэта чарговая спроба напалохаць звычайных украінцаў.

«З боку Беларусі зараз існуе выключна інфармацыйная пагроза. На сёння ў ворага няма сіл і сродкаў для наступу на Украіну з тэрыторыі Беларусі. Зрэшты, Расея будзе пампаваць гэтую тэму інфармацыйна», - падкрэслілі ў РНБА.

Як адзначыў кіраўнік Цэнтра супрацьдзеяння дэзінфармацыі, афіцэр Сіл абароны Украіны Андрэй Каваленка, мэта ворага - расцягнуць нашы сілы і рэзервы, паўплываць на нашу лагістыку.

«Для гэтага яны будуць нагнятаць сітуацыю інфармацыйна, каб нашае камандаванне звяртала больш увагі на гэты кірунак. Зрэшты, Беларусь пад сталым наглядам», - адзначыў кіраўнік ЦСД.

З яго слоў, людзі павінны памятаць, што ва Украіне вялікі фронт і ёсць актыўныя і неактыўныя зоны.

«Расея разглядае ўсю нашу мяжу з беларусамі як зону напружання. Вядома ж, Сілы абароны даўно гатовыя да пагроз на гэтым кірунку і былі ўжытыя ўсе неабходныя захады. Пакуль такая пагроза ляжыць выключна ў інфармацыйнай плоскасці», - падсумаваў Андрэй Каваленка.

Напісаць каментар 26

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках