Еўрадэпутатка папярэдзіла лукашэнкаўскіх сілавікоў
24- 29.05.2024, 9:43
- 23,606
І заклікала неадкладна вызваліць Паліну Шарэнду-Панасюк.
Дэпутатка Еўрапейскага парламента ад Партугаліі Ізабэль Сантас запатрабавала неадкладнага вызвалення палітычнай зняволенай, актывісткі грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Паліны Шарэнды-Панасюк.
Паводле інфармацыі сайта Charter97.org, Ізабэль Сантас накіравала лісты генеральнаму пракурору Андрэю Шведу, старшыні Следчага Камітэта Дзмітрыю Гору, міністру ўнутраных спраў Івану Кубракову.
Ізабэль Сантас нагадала сілавікам, што Паліна з'яўляецца маці дваіх непаўналетніх дзяцей. Дэпутатка адзначыла, што Паліна Шарэнда-Панасюк бесперапынна знаходзіцца ў зняволенні з пачатку 2021 года, а таксама што нават з улікам двух дадатковых прысудаў тэрмін зняволення скончыўся 21 траўня 2024 года. Ізабэль Сантас заклікала перагледзець пастанову аб распачынанні новай крымінальнай справы і неадкладна вызваліць Паліну Шарэнду-Панасюк.
Нагадаем, Паліну Шарэнду-Панасюк затрымалі 3 студзеня 2021 года. Пасля першапачатковага двухгадовага прысуду палітзняволенай два разы прысуджалі дадатковы тэрмін адзін год паводле артыкула 411 КК «Злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы».
Тэрмін зняволення скончыўся 21 траўня 2024 года, але замест вызвалення супраць Паліны распачатая новая крымінальная справа паводле гэтага ж самага 411 артыкула КК.
За час знаходжання за кратамі беларуская палітычная зняволеная Паліна Шарэнда-Панасюк месяцамі ўтрымлівалася ў штрафным ізалятары ў катавальных умовах, прайшла праз шматлікія этапы, накіроўвалася на працяглую псіхіятрычную экспертызу, зазнавала ціск і здзекі з боку адміністрацыі, была збітая зняволенымі. Паліна знаходзіцца ў поўнай ізаляцыі. У калоніі ў актывісткі «Еўрапейскай Беларусі» моцна пагоршылася здароўе.