Reuters: Блінкен накіроўваецца ў Малдову на фоне пагроз з боку РФ
5- 29.05.2024, 12:18
- 3,874
Таксама дзяржсакратар ЗША прыедзе ў Прагу.
Дзяржаўны сакратар ЗША Энтані Блінкен наведае Кішынёў (сталіца Малдовы) у сераду, 29 траўня. Гэта стане першым прыпынкам ягонага еўрапейскага турнэ, падчас якога ён будзе спрабаваць умацаваць заходнюю падтрымку Украіны сярод хаўруснікаў па NATO і суседніх краін, піша Reuters.
«Паездка вядучага амерыканскага дыпламата адбываецца ў той час, калі Украіна спрабуе абараніцца ад узмацнення расейскіх нападаў на ўсходзе краіны, а прэзідэнт Уладзімір Пуцін папярэджвае, што дазвол Кіеву выкарыстоўваць заходнюю зброю для нанясення ўдараў па тэрыторыі Расеі можа справакаваць глабальны канфлікт», - адзначылі ў выданні.
Таксама падчас візіту Блінкен правядзе сустрэчу з прэзідэнтам Маяй Санду і іншымі высокапастаўленымі чыноўнікамі ў той час, калі амерыканскія чыноўнікі гавораць, што Малдова сутыкаецца з расейскімі «аперацыямі ўплыву».
У сваю чаргу галоўны амерыканскі дыпламат у справах Еўропы ў Дзяржаўным дэпартаменце Джым О’Браэн паведаміў, што ЗША, магчыма, абвесцяць пра «магутны пакет» дапамогі энэргетычнай незалежнасці Малдовы, не ўдаючыся ў падрабязнасці.
З яго слоў, Вашынгтон не бачыць наўпроставай ваеннай пагрозы з боку РФ у дачыненні да сепаратысцкага Прыднястроўскага рэгіёну Малдовы.
Пасля гэтага Блінкен адправіцца ў Прагу, дзе возьме ўдзел у нефармальнай сустрэчы міністраў замежных спраў краін NATO, якая будзе прысвечаная падрыхтоўцы да ліпеньскага саміту NATO ў Вашынгтоне.
«Мы не чакаем, што Украіна атрымае запрашэнне да ўступлення ў NATO, але мы мяркуем, што будзе прадэманстраваная істотная падтрымка Украіны ў яе імкненні перамагчы ў вайне. Гэта будзе ўключаць сталую падтрымку NATO ў развіцці будучых узброеных сіл Украіны і намаганні, накіраваныя на дапамогу Украіне ў правядзенні рэформаў, неабходных для ўступлення ў ЕЗ і больш хуткага пераходу праз мост у NATO», - падкрэсліў О'Браэн.